У Швейцарыі пачалі судзіць былога беларускага спецназаўца
У Швейцарыі пачалі судзіць былога спецназаўца, які прызнаўся ў саўдзеле ў выкраданні палітычных апанентаў Лукашэнкі.

Суд над экс-байцом беларускага САХР Юрыем Гараўскім, які ў 2019 годзе публічна заявіў пра сваю датычнасць да выкрадання апазіцыйных палітыкаў, пачаўся сёння ў адным з кантонаў Швейцарыі.
Гараўскага будуць судзіць у рамках сусветнай юрысдыкцыі — яго абвінавачваюць па артыкуле аб знікненні людзей. Пракурор запрасіў для яго 3 гады пазбаўлення волі. Пры гэтым у зняволенні экс-спецназавец павінен правесці ўсяго год, астатнія 2 — на волі з выпрабавальным тэрмінам у 4 гады, паведамляе DW Беларусь.
Нагадаем, у 2019 годзе Юры звязаўся з DW і заявіў, што датычны да знікнення палітычных апанентаў Лукашэнкі. Па сцвярджэннях Гараўскага, 7 траўня 1999 года ён уваходзіў у склад групы, якая, па загаду заснавальніка САХРу падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі, выкрала і забіла экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а 16 верасня 1999-га — былога кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага.