Талай зноў прывёз у Беларусь дзяцей з Данбаса
У Менск прыбыла чарговая група дзяцей з акупаваных Расеяй украінскіх рэгіёнаў.

48 дзяцей, якія прыехалі на так званы „адпачынак”, тры тыдні правядуць у Наваполацку. Дастаўку ўкраінскіх дзяцей арганізаваў фонд Аляксея Талая, піша БелТА. Дзяцей, па словах Талая, суправаджалі ў цягніку і сустракалі на вакзале супрацоўнікі міліцыі і АМАПа.
Бо, маўляў, “ёсць шмат нядобразычліўцаў, якія прагнуць, каб мы з гэтымі дзецьмі Данбаса дзесьці спатыкнуліся. Каб нешта адбылося, і гэтыя збеглыя, якія сядзяць за мяжой, знайшлі новую тэму для спекуляцый”.
Незаконны вываз з акупаваных тэрыторый украінскіх дзяцей расцэньваецца міжнароднай супольнасцю як ваеннае злачынства. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і расейская амбудсменка па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова за гэта ўжо атрымалі ордары на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе.