Агляд прэсы: Ізноў вайна



У Швейцарыі па справе аб гвалтоўных знікненнях судзяць чальца «Эскадрона смерці» Лукашэнкі. Азербайджан пачаў ваенную аперацыю ў Нагорным Карабаху. Лейбарысцкія настроі ў ЕЗ. Шматмоўе ў Гішпаніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Беларус Юрый Гараўскі прызнаўся ва ўчыненых злачынствах па справе аб гвалтоўных знікненнях трох дзеячаў-канкурэнтаў Лукашэнкі ў 1999 годзе – былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі , былога віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага , бізнесмена і блізкага сябра Ганчара. Працэс над ім, распачаўся 19-га верасня пад універсальнай юрысдыкцыяй у акруговым судзе кантона Санкт-Гален у Роршаху і працягнецца больш за два дні.

«44-гадовы былы чыноўнік пры Лукашэнку Юрый Гараўскі ўваходзіў у спецпадраздзяленне СОБР МУС, створанае ў 1998 годзе па загадзе дыктатара для барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, якое часам называюць прэзідэнцкім «Эскадронам смерці». Гараўскі трымаў гісторыю ў сакрэце і захоўваў інфармацыю пра лёс і месцазнаходжанне ахвяр да 2019 года, пакуль публічна не заявіў у СМІ пра свой удзел у забойствах. Гэты выпадак першы для Беларусі і для Швейцарыі. Справа з’яўляецца наватарскай. Чакалася, што прысуд таксама будзе вынесены хутка, магчыма, вечарам 20-га верасня, аднак Гараўскі ў судзе пачаў адмаўляць частку раней дадзеных паказанняў са спасылкай на хібы перакладу», – піша міжароднае выданне justinfo.

***

У аўторак армія Азербайджана аб’явіла аб пачатку ваеннай аперацыі ў Нагорным Карабаху. Абстрэлам падвергся Сцяпанакерт – сталіца самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі ды іншыя гарады рэгіёна. Згодна з заявай прадстаўніцтва Нагорнага Карабаха ў Арменіі, загінулі сама меней 27 чалавек, сотні атрымалі раненні. 20-га верасня Міністэрства абароны Азэрбайджана паведаміла пра капітуляцыю Нагорна-Карабахскай рэспублікі і кантролі расейцаў-«міратворцаў» над тэрыторыяй. Еўрапейская прэса глыбока занепакоеная сітуацыяй у рэгіёне, у якім пражываюць пераважна армяне, але які дэ-юрэ лічыцца часткай тэрыторыі Азербайджана. «Гэтай вайны можна было чакаць», – піша венская газета Der Standard.

«З аднаго боку, Расея ўгразла ў вайне ва Украіне. З іншага боку, Расея не жадае сварыцца з Турцыяй, якая ахоўвае Азербайджан. Для Расеі Турцыя – важны партнёр: Анкара не далучылася да заходніх санкцый супраць Масквы, уведзеным з-за вайны ва Украіне, многія санкцыйныя тавары паступаюць у Расею менавіта праз Турцыю. Нагорны Карабах, а магчыма, і ўся Арменія, у чарговы раз апынаюцца паміж кавадлам і молатам розных геапалітычных інтарэсаў. Цалкам верагодна, што апроч слоў спачування і асуджэння Захад, па сутнасці, нічога не зробіць. Бо, у адрозненне ад Украіны, Арменія малацікавая і з геастратэгічнага, і з эканамічнага пункту гледжання», – з горыччу іранізуе аўстрыйскае выданне.

***

Лідар лейбарыстаў Кір Стармер мае намер у выпадку перамогі сваёй партыі на выбарах перагледзець пагадненне аб гандлі , заключанае паміж Лонданам і Еўразвязам па выніках брэкзіту. Як заявіў Стармер, ён хацеў бы выправіць і палепшыць палажэнні дагавора. У ходзе сваіх візітаў у Гаагу і Парыж ён праявіў адкрытасць у плане магчымага заключэння новых дамоўленасцей па міграцыйным пытанні. Брытанская газета The Guardian заклікае зрабіць вялікі крок насустрач ЕЗ.

«Аднаўленне безбар’ернага гандлю з Еўропай павінна суправаджацца дэмантажом і без таго празмернай бюракратыі на межах. Гэтыя пытанні не павінны рэгулявацца сотнямі дробных пагадненняў, на распрацоўку якіх ідуць гады. Вяртанне ў Мытны звяз Еўрапейскага звязу павінна быць адназначным. Цяпер не час для імглістых і абстрактных размоваў аб суверэнітэце. Калі дзяржавы гандлююць адна з адной, заўсёды павінна быць месца кампрамісу паміж незалежнасцю і росквітам. Вяртанне да мяккага брэкзіту будзе суправаджацца болем і кампрамісамі, але яно таго адназначна вартае», – канстатуе брытанскае выданне.

***

Гішпанская мова (ейны кастыльскі варыянт) больш не будзе адзінай мовай, якую можна выкарыстоўваць у Кангрэсе дэпутатаў – ніжняй палаце парламента Гішпаніі. З аўторка дэпутаты па прыкладзе сваіх калегаў у Сенаце вольныя размаўляць і на сваіх рэгіянальных мовах: каталонскай, басконскай і галісійскай. Такое новаўвядзенне абумоўлена ў тым ліку і саступкай каталонскім сепаратыстам, чые галасы патрэбны прэм’ер-міністру Пэдра Санчэсу, які жадае выйсці на новы тэрмін паўнамоцтваў. Мадрыдская El País не хавае сваёй радасці, нават насуперак скепсісу з боку Еўразвяза.

«Гішпанія зараз стаіць у адным шэрагу з дэмакратычнымі краінамі, у якіх існуе інстытуцыйнае шматмоўе – Бельгіяй, Канадай, Швейцарыяй. Шматмоўе аб’ядноўвае грамадзян і ўяўляе сабой увасабленне роўнасці. А яшчэ яно аднаўляе дух дыялогу і гармоніі, закладзены ў Канстытуцыі. Гэты на здзіўленне малапрыкметны аўторак суцэль можна назваць гістарычным. Кааліцыя «Разам за Каталонію» разглядае гэта як вырашальны крок да прызнання каталонскай мовы ў якасці афіцыйнай мовы ЕЗ. У рамках свайго старшынства ў Еўразвязе Іспанія ўчора выступіла за прысваенне каталонскай мове афіцыйнага статусу ў інстытутах супольнасці – нараўне з басконскай і галісійскай. Аднак гэтая ініцыятыва была чакана сустрэта скептычна: 27 краін аддалі перавагу адкласці абмеркаванне гэтага пытання», – адзначае гішпанскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя