Прапаганда прымалявала галаву Франака Вячоркі сербскаму міністру

Прапагандысцкі тэлеграм-канал «ЖС Premium» паспрабаваў выдаць фэйкавы здымак поціску рукі дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі і кіраўніка МЗС Сяргея Алейніка за рэальны, напісаўшы выкрывальны тэкст, але затым выдаліўшы допіс. Фотамантаж аказаўся занадта відавочным.
20 верасня саветнік Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка сам расказаў, што ў калідоры штаб-кватэры ААН да яго нечакана падышоў Алейнік і паціснуў руку.
„Ён, вядома, паставіў мяне ў ступар, таму што ў мінулым годзе дэлегацыя Макея ўцякала ад нас“, – прызнаўся Вячорка.
Праз 4 дні прапагандысты апамяталіся і паспрабавалі растлумачыць паводзіны міністра. У якасці доказу было апублікавана фота «поціску рукі».
Уся справа ў тым, што апублікаванае фота было настолькі відавочнай падробкай, што далейшыя развагі выглядалі недарэчна. На арыгінальным фота побач з Алейнікам міністр замежных спраў Сербіі Івіца Дачыч. Фота было апублікавана прэс-службай беларускага МЗС.
Беларускае Радыё Рацыя