Беларускія дэсантнікі, якія ваююць за Украіну, атрымалі медалі Рады БНР

Беларускія дэсантнікі, якія ваююць за Украіну, атрымалі медалі «За баявыя заслугі» Рады БНР. Узнагароды байцам перадаў Валерый Сахашчык, кіраўнік Дэпартамента нацыянальнай бяспекі. Паводле яго слоў, медалі атрымалі найлепшыя байцы беларускага падраздзялення – 1-й Асобнай дэсантна-штурмавой роты (яна ўваходзіць у склад 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады Узброеных сіл Украіны). Раней Рада БНР паведаміла, што іх 6 чалавек.
Валерый Сахашчык – былы камандзір берасцейскай 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, у апошнія гады займаўся бізнесам у Польшчы. Пасля пачатку паўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны ён заклікаў беларускіх вайскоўцаў не ўдзельнічаць у вайне на баку Расеі. Летась увайшоў у склад Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай, як прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы.
Беларускае Радыё Рацыя