Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча хочуць перавесці на турэмны рэжым
Аляксей — былы падпалкоўнік КДБ. У Менскім гарадскім судзе 30 сакавіка 2022 года яго асудзілі да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Таксама ён пазбаўлены вайсковага звання „падпалкоўнік”. Пад вартай да суда ён утрымліваўся каля году.

Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме на дзяржтэлебачанні, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыё размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі.
Па інфармацыі праваабаронцаў, 24 кастрычніка ў Наваполацку адбудзецца суд па замене Аляксею рэжыма ўтрымання на турэмны. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Хрыпач.
Падтрымаць палітвязня: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8.
вясна