Вольны Днестр і парачка ГЭС
Беларусы збіраюць у інтэрнэце подпісы супраць пабудовы АЭС. Украінцы пратэстуюць супраць пабудовы ГЭС на Днястры – такая вось паралель нашых дзён. На першы погляд, АЭС у Астраўцы – гэта больш маштабны і рызыкоўны праект, а ГЭС – больш “экалагічны”.
Па вялікім рахунку, ва ўсім важны баланс. На Днястры плануюць пабудаваць 6 ГЭС за крэдытныя грошы Еўразвязу. З аднаго боку, гэта працоўныя месцы і тавар (то бок электраэнергія), які можна будзе прадаваць. І першае, і другое для Украіны тут і цяпер насамрэч важна, але ёсць іншы бок. Экалагічныя наступствы і праблемы для развіцця турызму – зноўку прыходзім да эканомікі і грошай, бо зарабляць іх можна па-рознаму.
Днестр для Украіны – унікальная прыродная зона. Так атрымалася, што русла і берагі ракі, размешчаныя вышэй запланаваных гідраэлектрастанцый, уваходзяць у межы чатырох нацыянальных прыродных паркаў. Рака ніжэй запланаваных ГЭС – рэгіянальны ландшафтны парк “Днястроўскі каньён”. У адпаведнасці з Законам “Пра прыродна-запаведны фонд” будаўніцтва аб’ектаў гідраэнергетыкі ў зоне нацыянальных прыродных паркаў забаронена. Навукоўцы-эколагі лічаць, што пабудова ГЭС разбурыць унікальную экасістэму Днястра і паставіць крыж на развіцці турызму ў рэгіёне.
Прафесар Любамір Царык з Цярнопальскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта сцвярджае, што ГЭС можна было б будаваць на іншых рэках Украіны, але не на Днястры, бо ён мае ўнікальныя сценкі, для якіх пабудова стане прычынай калецтва і знішчэння ландшафту. Пад пагрозу ставіцца адно з сямі прыродных цудаў Украіны – Днястроўскі каньён з яго адслаеннямі сілурыйскага і дэвонскага перыяду ўзростам 400 мільёнаў год, якія выходзяць на паверхню і з’яўляюцца прадметам вывучэння навукоўцаў з усяго свету. У зону падтаплення трапляюць 41 археалагічны помнік і 8 помнікаў архітэктуры.
Міністэрства экалогіі супраць. Эколагі і грамадскія актывісты – супраць. Мясцовыя ўлады Івана-Франкоўскай і Цярнопальскай абласцей схіляюцца на бок эколагаў, але Кіеў вырашыў ГЭС на Днястры будаваць: кабінет міністраў зацвердзіў праграму развіцця гідраэнергетыкі да 2026 года. У адказ на такія захады сталічных уладаў узнік грамадскі рух “Вольны Днестр”, а ў інтэрнэце пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй “7 крокаў для захавання рэк Украіны”.
Сабрана толькі паўтары тысячы подпісаў, але жыццё пакажа, чым усё скончыцца. Хочацца верыць, што ўкраінцы зберагуць тое добрае, што маюць, і будуць думаць не толькі пра сённяшні дзень, але і пра будучыню. Пра тое, што змогуць пакінуць ды паказаць нашчадкам. Не хлебам адзіным жывы чалавек… Унікальныя прыродныя і архітэктурныя помнікі не менш важныя за паспяховыя прамысловыя аб’екты. І зарабляць на іх грошы можна не горш, асабліва калі добра паварушыць мазгамі.