Трагедыя Ядвабнага працягваецца
10 ліпеня споўнілася 73 гады з дня, калі ў мястэчку Ядвабнае мясцовыя палякі жыўцом спалілі сваіх габрэйскіх суседзяў. Як і ў мінулыя гады, у жалобнай урачыстасці ўдзельнічалі пераважна прыезджыя габрэі, аднак, як і ў мінулыя гады, не з’явіліся ні мясцовыя жыхары, ні прадстаўнікі мясцовых уладаў.
Штогод ля абеліску чытаецца малітва за памерлых і зачытваюцца імёны і прозвішчы ахвяраў. Сёлета ў Ядвабным і Радзілаў прыбылі: галоўны рабін Польшчы Майкэл Шудрых, варшаўскі рабін – Вайцеховічускі, старшыня Саюзу габрэйскіх канфесійных гмінаў – Пётр Кадльчык, прадстаўнік польскага МЗС-у – Сэбастыян Рэяк, дэлегат з беластоцкага ІПН-у, адхілены ад функцыяў пробашча каталіцкі ксёндз Войцех Леманскі з групай вернікаў, і госць з Ізраілю – Іцхак Левін. Частка ягоных сваякоў згарэла ў тым гумне ў Ядвабным, а частку хавала ад немцаў мясцовая, польская сям’я.
Урачыстасць ніколі не была шматлюднай, хіба што за выключэннем круглай даты – 70-й гадавіны пагрому ў Ядвабным. Тады пасланне прэзідэнта Камароўскага зачытаў былы прэм’ер Тадэвуш Мазавецкі. Быў прысутны ізраільскі амабсадар у Польшчы – Зві Рав-Нэр, а таксама прадстаўнік каталіцкага епіскапату Мечыслаў Цісла. Летась у Ядвабным адбыўся надзвычай абуральны акт вандалізму. Нехта апаганіў абеліск устаноўлены ў 60-ю гадавіну масавага забойства. Ён быў абліты зялёнай фарбай, размаляваны свастыкам, і а на каменным плоце нехта напісаў вялізнымі літарамі: “Не выбачаюся за Ядвабнае – былі лёгказгаральныя”.
Гэтыя словы ў такім месцы прагучэлі выключна нечалавечна. Паводле Інстытуту Нацыянальнай Памяці, хаця і не паўтары тысячы, але як мінімум, 300 чалавек былі сагнаныя ў клуню і спаленыя. Раней былі забітыя яшчэ некалькі дзясяткаў. У забойстве ўдзельнічалі каля 40 мясцовых палякаў. Толькі пару з іх пасля вайны сталі перад судом. Зрэшты пагромы і рабаўніцтвы маёмасці адбыліся ў блізкіх да Ядвабнага Вансошу і Радзілове, а таксама, аб чым доўга не ведаў, 6 ліпеня 41-га году ў Васількове ля Беластоку.
Гісторыкі не пакінулі ніякага сумеву наконт віны палякаў. Расправы над габрэйскімі суседзямі, нібыта савецкімі калабарантамі адбыліся ў першыя дні і тыдні нямецкай акупацыі, з ведама немцаў і напэўна пры іх маўклівай згодзе, але ініцыятарамі і выканаўцамі пагромаў былі мясцовыя палякі.
За апошняе дзесяцігоддзе з’явілася безліч публікацыяў пра Ядвабнае, але толькі у лічаных з іх адназначна названыя падзеі 41-га года. Даўжэйшы час на памятным камяні ў Ядвабным было напісана: „Месца бойні габрэйскага насельніцтва. Гестапа і гітлераўскія жандары спалілі 1600 чалавек». На немцаў ускладзеная віна і на памятным камяні ў Радзілове. Месца пахавання ў Вансошы занядбанае. Агароджа развальваецца, а могілкі парастаюць травою.
Больш як 10 гадоў таму, у гадавіну трагедыі, у Ядвабнае прыбыў, каб ускласці кветкі, прэзідэнт ураду на выгнанні Рышард Качароўскі. Аднак яму прыйшлося ісці на месца пахавання самому. Ніхто з мясцовых чыноўнікаў і жыхароў не парупіўся далучыцца да яго. Пазіцыя большасці жыхароў Ядвабнага не змянілася да сённяшняга дня. Яны штогод глядзяць на прыезджых з-за фіранак з яўнай непрыязнасцю. Зрэшты, як паказала апытанне, большасць палякаў па усёй краіне ( 57%) перакананыя, што габрэяў у Ядвабным спалілі немцы, а калі і не яны, дык напэўна яны былі заказчыкамі бойні. Маўляў, палякі не маглі такога зрабіць. Польшча – гістарычна талернатная краіна! Краіна без вогнішчаў! Гэта немагчыма, гэта паклёп, гэта варожая прапаганда.
Ядвабнае, гэта сімвал агульнай з’явы, крайняй формы польскага антысемітызму. Гэта нешта накшталт беларускай вёскі Хатынь, якая таксама стала ўвасабленнем усіх спаленых вёсак. Гэта дакор сумлення для тых, хто ўпарта не хоча прызнаць сваю віну. Гэта прыклад непрыемнай праўды, з якою прыйшося сутыкнуцца многім народам. Няёмка прызнаць, што ахвяра бывала і катам, што гераізм адных ішоў у пары з подласцю іншых, але хаваючыся за фіранкай ад фактаў не ўцячэш.