Пра абуджэнне грамадзянскай нацыі



Журналіст і былы палітзняволены Аляксандр Атрошчанкаў у інтэрв’ю “Радыё Свабода” выказаў эксцэнтрычную версію прычын цяперашняга палітычнага крызісу ў Беларусі. Паводле героя публікацыі, кіраўнік дзяржавы ўсё пралічыў загадзя і спецыяльна стварыў сітуацыю, калі грамадства заўчасна мабілізавалася на рэвалюцыю. Маўляў, адбыўся фальстарт, які развязаў рукі ўладзе на тое, каб раз і назаўжды пакончыць з пратэстовымі настроямі, пакуль на гэта ёсць рэсурсы.

“Было шмат дыскусій пра тое, чаму Лукашэнка не аб’явіў, што за яго прагаласаваў 51%, і не пачакаў, што незадаволеныя людзі, якіх было б у разы менш, проста разыйдуцца. Я лічу, што менавіта таму і абвясцілі пра 80%…”, – абгрунтоўвае сваю пазіцыю Аляксандр Атрошчанкаў. Інакш кажучы, у дадзеным выпадку мы чуем меркаванне, якое, без сумневу, знойдзе мноства прыхільнікаў з лагеру аматараў канспіралогіі.

Ці магла ўлада пайсці на тое, каб справакаваць заўчасную актыўнасць беларускага народу, паколькі “праз пару гадоў будзе ўжо позна, грамадства зменіцца незваротна”? Такая гіпотэза не вытрымлівае крытыкі з некалькіх пунктаў гледжання. Па-першае, нават сама хада так званых “выбараў” у 2020 годзе, калі аналітычныя цэнтры ўлады праспалі парад кандыдатаў-тэрмінатараў, а потым увогуле дапусцілі да гонкі ў якасці “грушы для біцця” хатнюю гаспадыню, якая паставіла на вушы ўсю краіну, дэманструе поўнае неразуменне грамадскіх працэсаў з боку ўлады і яе адарванасць ад народу. Па-другое, методыка “штучных канфліктаў” рэдка калі працуе нават на ўзроўні малых калектываў, не кажучы ўжо пра маштаб амаль 10-мільённай нацыі, у якой – сотні актараў са сваімі інтарэсамі, рэсурсамі, каштоўнасцямі і лідарамі… Па сутнасці, гаворка ідзе пра своеасаблівы эксперымент, рэзультаты якога немагчыма прадказаць. Ці трэба тут дадатковыя паясненні, што аўтакратыі, кшталту беларускай, імкнуцца мінімізаваць рызыкі на самым пачатковым этапе, а не ідуць на крокі, якія выклікаюць непрадказальныя эфекты?

Незалежна ад таго, у якой кропцы трансфармацыі знаходзіцца цяперашні беларускі палітычны рэжым, тое, што мы бачылі ў другой палове 2020 года, – гэта заканамерны вынік выспявання беларускай палітычнай нацыі, якая праявіла сябе роўна ў той момант, у які мела сябе праявіць. То бок, мы маем справу з феноменам палітычнай мабілізацыі грамадзянскай нацыі, да чаго, выглядае, не былі гатовыя не толькі ўлады, але і некаторыя інтэлектуалы.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ