Ленін з пятлёй на шыі



Што рабіць са шматлікімі помнікамі Леніну, якія дагэтуль «упрыгожваюць» малыя і вялікія гарады Беларусі.

Адны лічаць, што ад гэтай манументальнай спадчыны савецкай імперыі трэба пазбаўляцца, як мага хутчэй. Існуе таксама думка, што пазбаўляцца трэба далёка не ад усіх помнікаў, а толькі ад найбольш выродлівых і страшных, а тыя, што маюць мастацкую каштоўнасьць трэба пакідаць на месцы, бо гэта таксама «наша гісторыя, а перапісаць гісторыю нельга».

А Леніны працягваюць стаяць на плошчах, пра некаторыя з іх ёсць показкі, а пра іншыя – легенды. Адну такую легенду (ці быль?) распавёў жыхар горада Ворша Віктар Трэццякоў: “Перад тым, як усталяваць на пастамент постаць Леніна, рабочыя доўга ламілі галаву, як падчапіць скульптуру так, каб не пашкодзіць. Чапляць пад руку – можна руку адламіць. І знайшлі простае рашэньне – зачапілі пятлёй проста за шыю і сталі падымаць, каб замацаваць на пастаменце. А ў гэты час ішоў супрацоўнік гаркама партыі. Чалавек, напэўна, ідэйны… Убачыў, як Леніна падымаюць з пятлёй на шыі. Падыйшоў і пачаў чытаць маралі рабочым: «Вы што? Ашалелі! Леніна вешаеце!!» Недзе паўгадзіны распавядаў ён ім гэтыя казкі, натуральна, усе працы «тармазнуліся». З паўгадзіны Ленін з пятлёй на шыі боўтаўся на кране, пакуль партыйны работнік тлумачыў рабочым: вы не тое робіце. У гэты час з гаркама партыі ішоў яшчэ адзін партработнік. Напэўна, у гэтых «партыйных шышак» быў абедзены перапынак. Гэты другі быў, відаць, больш разумнейшым, убачыў, што Ленін вісіць ў пятлі, а той чытае маралі… Ён падыйшоў і кажа свайму калегу: «Ды што ты робііш? Праз цябе ЁН ужо колькі ў пятлі вісіць?» Вось так і паставілі ў Воршы на плошчы помнік Леніну, папярэдне павесіўшы… А павесілі праз любоў і вернасці справе Леніна. Маглі б адразу паставіць, а так ён паспеў павісець».

Варта адзначыць, што адбывалася гэтая гісторыя ужо ў часы перабудовы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ