Менск паабяцаў “накарміць людзей у Экватарыяльнай Гвінеі”



Беларусь дапаможа накарміць людзей у Экватарыяльнай Гвінеі, заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ на фоне візіту ў гэтую афрыканскую краіну Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле чыноўніка, беларускія спецыялісты маюць намер “сур’ёзна падключыцца да развіцця і фактычна стварэння сучаснага аграрнага сектара ў Экватарыяльнай Гвінеі”. Пасля перамоў з прэзідэнтам Мбасога 9 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра 74 сумесныя праекты, якія Экватарыяльная Гвінея і Беларусь рэалізуюць “у найбліжэйшыя 2–3 гады”.

Плануе афіцыйны Менск развіваць сельскую гаспадарку таксама ў Кеніі. Падчас сёлетняга візіту ў гэту афрыканскую краіну міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік абмеркаваў гатовасць нарошчвання супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы, у тым ліку ў частцы паставак беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і ўгнаенняў. Пры гэтым вядома, што ў2021 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў усяго 10,5 млн даляраў.

Беларусь развівае партовыя магутнасці ў Ленінградскай вобласці

Ленінградская вобласць Расеі прапанавала Беларусі на выбар дадаткова тры пляцоўкі для развіцця партовых магутнасцей, піша Office Life. Беларусь мае вызначыцца па гэтым пытанні ў першым квартале будучага года.  Цяпер афіцыйны Менск працуе з пецярбургскім портам і мае прамы ўдзел у порце “Бронка”, але гэты порт не прыстасаваны нармальна да чыгуначнай падачы грузаў. Таму Беларусь мае выбраць іншую пляцоўку, а ў канчатковым варыянце стаіць задача пераарыентаваць усе беларускія грузы на порты Фінскага заліва.

Беларусь павялічыла перавалку экспартных грузаў у расейскіх партах за першае паўгоддзе ў чатыры разы да аналагічнага леташняга перыяду – да шасці мільёнаў тон.

Улады Беларусі пахваліліся экспартам медыцынскіх паслуг

У бягучым годзе ў Беларусі медыцынскімі паслугамі скарысталіся амаль 100 тысяч іншаземцаў, паведамілі ў праграме “Тыдзень” на тэлеканале СТВ. Больш за ўсё на лячэнне прыязджаюць з краін СНД і краін Балтыі. Так, па словах галоўнага лекара 3-й гарадской клінічнай лякарні ім. А.У. Клумава ў Менску Наталлі Саевіч, сёлета прыбытак медустановы склаў за 10 месяцаў каля 160 тысяч даляраў. Паведамляецца, што сёлета прыбытак дазволіў гэтай лякарні набыць відэапрацэсар, а крыху раней – аптычны камп’ютарны тамограф, які лічыцца найлепшым у краіне, піша reform.by.

У Беларусі падаражэлі яйкі, гэта звязваюць з дэфіцытам яек у Расеі

У Расеі з’явіліся чэргі па яйкі, а ў Беларусі іх асартымент зменшыўся, некаторыя яйкі заўважна падаражалі. За тыдзень цэны на яйкі С2, калі, да прыкладу, параўноўваць дастаўку Еўраопта са звычайнай менскай крамай, падняліся больш чым на 7%, а Д1 амаль на 9%. Як мяркуюць эксперты, цана павысілася ў тым ліку з-за падвышэння цэн і дэфіцыту яек у Расеі.

Тым часам праблема дэфіцыту яек у Расеі ўжо выйшла на дзяржаўны ўзровень. Так, віцэ-прэм’ер ураду Расеі Вікторыя Абрамчанка ў пачатку снежня даручыла міністэрствам знайсці спосаб павялічыць вытворчасць курыцы і яек. “Попыт на іх перавышае прапанову, на гэтым фоне растуць цэны. Аднак павялічыць вытворчасць хутка не атрымаецца”, — паведаміў расейскі рэсурс РБК. Паводле Расстата, у Расеі яйкі за 10 месяцаў падаражэлі на 13%, піша “Радыё Свабода”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: zviazda.by