У Беларусі хочуць пабудаваць новы круізны карабель
Самым паспяховым з камерцыйнага пункту гледжання праектам у беларускім суднаходстве з’яўляецца круізны маршрут па Прыпяці на цеплаходзе “Белая Русь”. Таму Мінтранс плануе вывесці на яго яшчэ адно новае судна, паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі.
-

Фота: dzen.ru
Новы карабель можа быць пабудаваны на Пінскім суднабудаўніча-суднарамонтным заводзе. Але ў Беларусі практычна не засталося адмыслоўцаў для суднабудавання. Таму завод абяцаюць “танна” аддаць інвестару, які гатовы будаваць караблі для рачнога суднаходства.
“Няма сэнсу пяць гадоў карабель будаваць, як гэта было з “Белай Руссю”, яго трэба за дзевяць месяцаў сабраць і на ваду спусціць. Пры гэтым судна можа хадзіць пад расейскім сцягам. Падпісана пагадненне, якое дазваляе зарэгістраваць карабель у расейскім рэестры судоў, і гэта можа быць цалкам расейскі аб’ект нерухомасці. А ў нас будзе свабоднае параходства для іх”, – заявіў начальнік упраўлення марскога і рачнога транспарту Мінтранса Андрэй Чарнобылец, піша Office Life.
Якія расейскія парты выкарыстоўвае Беларусь?
Першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч распавёў, якія расейскія парты выкарыстоўваюцца для перавалкі беларускіх грузаў, а таксама закрануў пытанне будаўніцтва ўласнага тэрмінала.
“Мы задзейнічалі 19 расейскіх партоў у розных рэгіёнах РФ. Гэта і калідор “Поўнач — Поўдзень” у бок Астрахані і праз Каспійскае мора, гэта і парты Санкт-Пецярбурга, парты Чорнага і Азоўскага мораў. Таксама мы перавозім грузы сухапутным маршрутам у бок Кітая. Па выніках першага паўгоддзя ў нас склаліся аб’ёмы перавалкі грузаў каля шасці млн. тон праз парты і каля 1,5 млн. тон сухапутным маршрутам на Кітай”, — сказаў Аляксей Ляхновіч у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1”.
Найбольш задзейнічаныя, па яго словах, вялікі порт Санкт-Пецярбурга і іншыя парты на Балтыйскім моры.
Складзены топ-10 самых запатрабаваных у Беларусі прафесій
Спецыялісты даследчага цэнтра rabotа.bу прааналізавалі, якія прафесіі былі найбольш запатрабаваны ў Менску і рэгіёнах у другім квартале 2023 года. Даследаванне праводзілася на падставе апублікаваных у красавіку – чэрвені вакансій і рэзюмэ на сайце rabota.by.
У Менску найбольш запатрабаванымі былі менеджары і спецыялісты па продажах або па працы з кліентамі, а таксама адміністратары.
У Берасцейскім рэгіёне ў вакансіях у топ-10 увайшлі прыбіральшчыкі, кухары і слесары. У Віцебскай вобласці наймальнікі шукалі кантралёраў-касіраў, повараў, прыбіральшчыкаў і слесараў. У Гомельскай вобласці ад наймальнікаў былі прапановы для повараў, слесараў і прыбіральшчыкаў.
У Гарадзенскай вобласці ад працадаўцаў былі распаўсюджаныя вакансіі для кухараў, грузчыкаў, кантралёраў-касіраў, слесараў і прыбіральшчыкаў. У Магілёве і Магілёўскай вобласці наймальнікі таксама былі зацікаўлены ў падборы повараў, слесараў і прыбіральшчыкаў.
На AliExpress увялі ПДВ у 20% на замовы з Беларусі
Беларускія карыстальнікі, якія робяць заказы на AliExpress, сталі заўважаць у інфармацыі пра замову з’яўленне радка аб падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) у 20%. Адпаведна вырасла і цана, піша mogilev.online.
Аказваецца, што гэта звязана са зменамі ў Падатковым кодэксе Беларусі. Падрабязны каментар на гэты конт даў спецыялізаваны паблік “АліЭкспрэс Беларусь”. “У канцы 2021 года былі прынятыя папраўкі ў дзейны Падатковы кодэкс Беларусі, якія прадугледжваюць абавязковую выплату замежнымі інтэрнэт-крамамі ПДВ 20%”. З паведамлення таксама вынікае, што такім чынам улады Беларусі хочуць зраўняць умовы працы замежных аб’ектаў з айчыннымі, якія часта не могуць прапанаваць нізкія цэны.
Беларускае Радыё Рацыя.