У лістападзе прадалі рэкордную з пачатку года колькасць машын



Чальцы Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі прадалі ў лістападзе 2.689 легкавых і 368 лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў, што з’яўляецца рэкордным штомесячным паказчыкам продажаў бягучага года, заўважае “Позірк”.

Рынак новых легкавых аўтамабіляў у лістападзе вырас да адпаведнага перыяду мінулага года на 340%. Адчувальную падтрымку попыту надае рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва і камфортнае аўтакрэдытаванне спажыўцоў. Пры гэтым прапанова ў дылерскіх аўтасалонах працягвае пашырацца пры захаванні адносна стабільнага ўзроўню цэн: калі ў пачатку года аўтадылеры паведамлялі пра 35 мадэляў новых легкавых аўтамабіляў, то ў лістападзе мадэльны шэраг склаў 75.

Доля легкавых аўтамабіляў кітайскіх марак у лістападзе перавысіла 84%, пры гэтым 70% дылерскіх продажаў забяспечылі легкавыя аўтамабілі, якія сышлі з канвеера завода “БелДжы”.

Ураджай месцамі так і не ўбралі

Некалькі заснежаных палёў з непрыбранай кукурузай выявіла Генпракуратура ў Крупскім раёне. Як паведамляе прэс-служба ведамства, плошча толькі аднаго з іх — каля 35 гектараў. На сельгаспрадпрыемстве тлумачаць, што своечасова сабраць ураджай перашкодзілі ўмовы надвор’я. Палі размяшчаюцца ў нізіне, таму глеба аказалася празмерна вільготнай для тэхнікі. Чакалі прымаразкаў. Але ў Генпракуратуры абяцаюць даць прававую ацэнку дзеянням службовых асоб і разгледзець пытанне пра кампенсацыю прычыненай шкоды.

У Смалявіцкім раёне Менскай вобласці таксама застаўся непрыбраны ўраджай. Камітэт дзяржкантролю падлічыў, што прыблізна на пяці гектарах пад снегам засталося каля 150 тон бульбы. Пры гэтым паводле дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, на 1 снежня ўборка бульбы ў згаданым раёне цалкам завершана. Кантралёры пішуць, што службовых асоб прыцягнуць да адказнасці.

Калі стартуе даплата 800 плюс на дзяцей у Польшчы?

З 1 студзеня 2024 года 500 плюс зменіцца на 800 плюс.  Закон аб павелічэнні памеру дзіцячай дапамогі ў Польшчы прынялі падчас паўнамоцтваў Сейма мінулага склікання. Павелічэнне памеру выплат тлумачылі высокай інфляцыяй. Гэтая дапамога належыць кожнаму дзіцяці да 18 гадоў, незалежна ад даходу сям’і.

Закон уступае ў сілу з новага года, таму першыя павышаныя выплаты бацькі могуць атрымаць на рахункі ўжо 2 студзеня. Кааліцыя апазіцыйных сіл, якая перамагла на парламенцкіх выбарах, абяцае, што новы ўрад захавае ўсе ранейшыя сацыяльныя дапамогі.

Цэны на аліўкавы алей рэзка ўзляцелі з-за неўраджаю ў Іспаніі

Перыяд з кастрычніка па люты з’яўляецца часам збору алівак у Іспаніі, якая застаецца найбуйнейшым у свеце вытворцам і экспарцёрам аліўкавага алею. Гэты год прынёс для мясцовых фермераў расчараванне – з прычыны засухі ўраджай будзе бедным. У сувязі з гэтым цэны на аліўкавы алей у Іспаніі толькі ў гэтым годзе выраслі больш чым на 70% – літровая бутэлька прадукту першага адціску каштуе каля 9 еўра ў мясцовых супермаркетах ніжняй катэгорыі. (Myfin.by)

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: av.by