Як эканамічныя інтарэсы перамагаюць палітычныя



Краіны Еўрапейскага Звязу могуць атрымаць права блакіраваць імпарт газу з Расеі і Беларусі.

Такую інфармацыю атрымала газета The Financial Times. Калі такое рашэнне будзе прынята, то еўрапейскія краіны змогуць часткова або поўнасцю абмяжоўваць доступ да газаправодаў і тэрміналаў звадкаванага прыроднага газу для расейскіх і беларускіх кампаній. Мяркуецца, што гэта дазволіць разрываць кантракты з пастаўшчыкамі з Расеі, а пры гэтым не выплачваць вялікія кампенсацыі за датэрміновы разрыў кантрактаў. Цяпер гэтым пытаннем мае заняцца Еўрапейскі парламент. Дадам, што цяпер на расейскія кампаніі прыпадае каля дзесяці працэнтаў імпартаванага Еўразвязам прыроднага газу, але такія краіны, як Аўстрыя і Венгрыя, па-ранейшаму моцна залежаць ад расейскага паліва. І гэта не адзіныя праблемы. Так сёлета самымі буйнымі пасля Кітая імпарцёрамі расейскага газу сталі Бельгія і Іспанія, таксама Францыя імпартуе шмат расейскага газу. З аднаго боку, усе разумеюць, што энергетычная залежнасць ад Расеі – гэта кепска, з іншага – эканамічныя інтарэсы перамагаюць палітычныя.

Лукашэнка здзейсніў подзвіг у Экватарыяльнай Гвінеі

Аляксандр Лукашэнка тым часам вандруе. Спачатку паляцеў у Арабскія Эміраты, потым у Кітай, потым зноў вярнуўся ў Эміраты, а цяпер яго з песнямі, танцамі ды вянкамі з экзатычных кветак сустракалі ў Экватарыяльнай Гвінеі. Па выніках двухбаковых перамоў 9 снежня ў сталіцы Малаба прэзідэнт Тэадора Абіанг Нгема Мбасога і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дарожную карту па развіцці супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Гэтае супрацоўніцтва ахоплівае 15 напрамкаў, у тым ліку пастаўкі беларускай тэхнікі і арганізацыю яе абслугоўвання, сельскагаспадарчую сферу, ахову здароўя, фармацэўтыку і рэалізацыю медыцынскага абсталявання, лясную гаспадарку ды іншыя. Агулам дамовіліся пра 74 канкрэтныя праекты – заявіў на сумеснай прэс-канферэнцыі Лукашэнка, назваўшы гэта “подзвігам”. “Заўтра пачынаем капаць зямлю ў Гвінеі і вырашаць праблемы”, — дадаў Лукашэнка. Сярод праектаў – будаўніцтва сацыяльнага жылля ў Гвінеі, пастаўкі пажарных машын, электрыфікацыя аддаленых раёнаў ды іншая. Да таго ж Лукашэнка, спадзяецца на стварэнне рэгіянальнага хаба па прасоўванні беларускай прадукцыі на рынкі краін Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі. Як кажуць, на “бязрыб’і і рак рыба”.

Ціханоўская ў Вашынгтоне сустрэлася з прадстаўнікамі МВФ

Падчас візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі васьмі краін у Міжнародным валютным фондзе. Дэмакратычная лідарка разам з дарадцам па эканамічных пытаннях і віцэ-прэзідентам АВВА Алесем Аляхновічам, а таксама супрацоўнікам BEROC Дзмітрыем Крукам упершыню сустрэліся з прадстаўнікамі фонду. У сустрэчы ўдзельначалі прадстаўнікі Літвы, Aўстрыі, Бельгіі, Францыі, Грэцыі, Іспаніі, Ірландыі і Польшчы. Бакі абмяркоўвалі планы па трансфармацыі беларускай эканомікі – у тым ліку пенсійную рэформу, мадэлі прыватызацыі і пераход да зялёнай эканомікі. Лідарка выказала спадзяванне на падтрымку з боку МВФ у правядзенні і карэкціроўках рэформаў пасля дэмакратычнага транзіту ўлады ў Беларусі.

У Менск пачынае лётаць турэцкая авіякампанія

Як паведамляе турэцкая авіякампанія Southwind Airlines, з 15 снежня яна пачынае рэгулярныя штодзённыя рэйсы па маршруце Стамбул — Менск — Стамбул. Рэйс будзе доўжыцца 3 гадзіны 10 хвілін. Білеты на рэйсы даступныя на сайце авіякампаніі і каштуюць ад 5 тысяч турэцкіх лір (172 даляры), у залежнасці ад тэрмінаў планаванага палёту.

Southwind Airlines — маладая турэцкая чартарная авіякампанія, якая была створана ў 2022 годзе для палётаў з Турцыі ў Расею. У кампаніі 14 самалётаў Airbus і Boeing, яна выконвае палёты ў Расею, Ізраіль, Германію і Швейцарыю. Усе рэйсы з Турцыі выконваюцца з Антальі.

Шмат гадоў з Менска ў Турцыю лётала авіякампанія Turkish Airlines. Але ў лютым 2022 года яна прыпыніла рэйсы. Затое “Белавія” лётае ў Стамбул без перапынку з 1996 года.

За падзеямі эканомікі ў Беларусі і свеце за тыдзень сачыла Яна Запольская.

Фота: Газпром.