ЗША працягнулі санкцыі ў дачыненні да „Белавія” да канца 2024 года



Абмежаванні ў дачыненні да беларускай авіякампаніі, уведзеныя ЗША амаль васямнаццаць месяцаў таму, вырашана чарговы раз прадоўжыць з-за таго, што айчынны перавозчык, нягледзячы на забарону, працягвае ажыццяўляць рэйсы на паветраных судах амерыканскай вытворчасці. Пры гэтым тэрмін дзеяння санкцый павялічыўся – на гэты раз яны будуць перагледжаны не праз шэсць месяцаў, як раней, а праз адзін год.

Як прыгадвае Myfin.by, санкцыі ў дачыненні да “Белавія”, уведзеныя ў чэрвені 2022 года, прадугледжваюць, што нацыянальны беларускі авіяперавозчык не можа атрымліваць для сваіх машын вытворчасці кампаній Boeing і Embraer запчасткі, а таксама карыстацца паслугамі па рамонце і абслугоўванні з прымяненнем амерыканскага абсталявання.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў лістападзе падраслі

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 снежня склалі 8 млрд 256 млн даляраў у эквіваленце, вынікае з даных Нацыянальнага банка. За лістапад золатавалютныя рэзервы выраслі на 108,7 млн. даляраў (на 1,3%). У структуры рэзерваў манетарнае золата і актывы ў замежнай валюце займаюць прыкладна аднолькавае месца.

Што тычыцца прагнозаў на канец года, то залаты запас краіны павінен скласці не менш за шэсць мільярдаў даляраў. Такі паказчык закладзены ў асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі краіны на бягучы год.

Краіны G7 дамовіліся ўвесці забарону на алмазы з Расеі з 1 студзеня

Краіны “Вялікай сямёркі” ўвядуць забарону на алмазы з Расеі з 1 студзеня 2024 года. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на выніковую заяву саміту G7. У заяве таксама сказана, што G7 будзе паэтапна забараняць імпарт расейскіх алмазаў з трэціх краін прыкладна з 1 сакавіка. Да 1 верасня плануюць стварыць “надзейны механізм праверкі і сертыфікацыі” неапрацаваных алмазаў. Забарона не будзе распаўсюджвацца на прамысловыя алмазы.

У канцы лістапада Еўракамісія падтрымала забарону на імпарт расейскіх алмазаў. Дарэчы, Расея займае 35 працэнтаў сусветнага рынку гэтых каштоўных камянёў. Пра тое, што краіны “Вялікай сямёркі” абмяркоўваюць варыянт абмежаванняў для расейскай алмазнай галіны, стала вядома яшчэ ў кастрычніку, прыгадвае Office Life.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belavia.by