100 гадоў з дня нараджэння Цімоха Вострыкава

Дзеяч нацыянальна-вызвольнага руху, вязень ГУЛАГу Цімох Вострыкаў нарадзіўся 28 жніўня 1922 года ў вёсцы Баршчоўка (цяпер Добрушскі раён Гомельскай вобласці). Працаваў у Гомелі электразваршчыкам. У 1939 г. бацька Якім Вострыкаў за адмову ўступаць у калгас быў асуджаны на 3 гады турмы, што паўплывала на антыкамуністычныя погляды 17-гадовага Цімоха.
У 1940 г. Вострыкаў скончыў 2-месяцавыя настаўніцкія курсы і працаваў як настаўнік у Маларыцкім раёне Берасцейшчыны да пачатку нямецкай акупацыі. Пасля мабілізацыі у 1941 г. у Чырвоную армію трапіў у нямецкае акружэнне і пазней апынуўся ў лагеры для ваннапалонных, адтуль уцёк у Гомель (па іншай інфармацыі капаў акопы на Смаленшчыне і дэзерціраваў). У 1942 г. тры месяцы працаваў як «остарбайтэр» электразваршчыкам ў Германіі, аднак яму ўдалося сімуляваць псіхічную хваробу. Атрымаўшы дакументы праз біржу працы і перакладчыкаў, вярнуўся ў Гомель. Працаваў на бацькавай гаспадарцы і атрымаў даведку, якая сведчыла пра тое, што ён дабраахвотна паехаў на працы ў Германію і вярнуўся назад як хворы, праз што не мог служыць. Нават з дакументамі хворага Вострыкава імкнуліся забраць у карны атрад, адкуль ён уцёк на другі дзень у камендатуру, дзе яго адпусцілі. Праз некаторы час яго забралі ўжо ў паліцыю, але і адтуль ён уцёк з аднавяскоўцам.
У 1943 г. Вострыкаў з’ехаў у Германію. У 1944 г. патрапіў у амерыканскую зону, а ў 1945-ым, каб унікнуць прымусовай рэпатрыяцыі грамадзян і нараджэнцаў СССР, змяніў у дакументах месца нараджэння на Заходнюю Беларусь і імя на Міхась. У 1946 г. бацька Вострыкава зноў быў рэпрэсаваны, на гэты раз па фальшывым даносе аб супрацы з нямецкімі ўладамі, і пазней загінуў у ГУЛАГу. З 1946-га па 1948 год Цімох вучыўся ў Міхельсдорфскай беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Там пазнаёміўся з многімі беларускімі дзеячамі эміграцыі. Разам з аднакласнікамі выдаў і распаўсюдзіў 12 нумароў часопіса «Наперад».
У канцы 1948 г. разам з сябрамі паехаў у Англію працаваць на вугальных шахтах. У 1950 г. Барыс Рагуля прапанаваў навучанне ў Лёвенскім універсітэце ў Бельгіі, дзе Цімох правучыўся паўтары гады на фізкультурным факультэце. Пазней яму ўдалося наладзіць кантакт з амерыканскай выведкай, каб патрапіць у склад разведнага дэсанта на тэрыторыю БССР. Ён прайшоў спецпадрыхтоўку на амерыканскай вайсковай базе ў Бадверысхофене пад Мюнхенам. У ноч на 27 жніўня 1952 г. дэсантаваўся ў БССР як прадстаўнік Рады БНР. Група хутка была выкрытая ў выніку здрады. Вострыкаў лічыў, што аперацыя была спланаваная на правал, каб прыкрыць іншага агента, а таксама вінаваціў у здрадзе іншага ўдзельніка групы – Міхала Арцюшэўскага, які быў памілаваны ў канцы студзеня 1956 г.
Вострыкава засудзілі да 23 гадоў лагераў агульнага рэжыму, тэрмін поўнасцю адбыў у чатырох розных лагерах у Мардовіі. Усюды яму ўдавалася стварыць беларускі асяродак колькасцю з дзясяткаў чалавек. У лагерах пачаў пісаць гістарычную працу па гісторыі ВКЛ. Вызваліўся ў 1975 г. і да пачатку 1980-ых да пенсіі працаваў будаўніком. Дасылаў свае працы ў Інстытут Гісторыі АН БССР. На пачатку 1990-ых гадоў аўдавеў і зноў актыўна пачаў займацца грамадска-культурным жыццём на Гомельшчыне, выступаў у грамадскіх і дзіцячых установах з публічнымі лекцыямі на гістарычныя тэмы.
Памёр Цімох Вострыкаў 13 лістапада 2007 г. у Гомелі. Пахаваны ў вёсцы Раманавічы. Да самай смерці не быў рэабілітаваны.
Беларускае Радыё Рацыя