16 лютага пачнуць судзіць Пратасевіча, Пуцілу і Рудзіка
Рамана Пратасевіч пачнуць судзіць у Менску 16 лютага. Пра гэта паведамляе БелТА. Пратасевічу прад’явілі дзевяць абвінавачанняў, сярод іх – распальванне варожасці, арганізацыя масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, паклёп і абраза Лукашэнкі. Цяпер Раман Пратасевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам.

У рамках гэтай справы таксама будуць судзіць рэдактараў Nexta Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка – над імі пройдзе „завочны” працэс, паколькі яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Іх таксама абвінавачваюць у арганізацыі дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і здрадзе дзяржаве. Справу будзе разглядаць Менскі абласны суд.