160-гадоў таму беларускае Палессе далучылася да вызвольнага паўстання
160-гадоў таму беларускае Палессе далучылася да вызвольнага паўстання. У гэтыя лютаўскія дні 1863 года на Піншчыну прыйшоў вялікі атрад Рамана Рагінскага. Між іншага ў планах быў захоп Пінска, але агентура паведаміла пра ўзмацненне царскімі войскамі гарадскога гарнізона. Таму паўстанцы адышлі на поўнач ад сталіцы Палесся.

Краязнаўца Эдвард Злобін гаворыць, што да атрада далучыліся выкладчыкі і вучні пінскай гімназіі:
– Два настаўнікі далучыліся да атрадаў паўстанцаў, калі яны прыйшлі на Піншчыну, яны забралі з сабой яшчэ 20 вучняў. Затым, канешне, рэпрэсіі моцна закранулі пінскую гімназію. Шмат настаўнікаў была звольнена. А таксама цэлымі старэйшымі класамі выключалі вучняў. А статус гімназіі быў паніжаны да статусу рэальнай вучэльні.
Папоўніўшы людскі рэсурс і правізію, Рагінскі рушыў з Піншчыны ў Слуцкі павет, дзе каля хутара Баркі сутыкнуўся з расейскімі войскамі, якія галоўным чынам мелі перавагу ў зброі. У выніку бою Раман Рагінскі быў паранены і трапіў у палон.
Беларускае Радыё Рацыя