17-ць гадоў таму пачалася „Плошча-2006”
Сямнаццаць гадоў таму ў Менску пачаліся паслявыбарчыя пратэсты, падчас якіх на Кастрычніцкай плошчы паўстаў намётавы лагер.

19 сакавіка 2006 году ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, а ўвечары на Кастрычніцкай плошчы сабраўся шматтысячны мітынг прыхільнікаў апазіцыйных кандыдатаў Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна.
Пратэстоўцы не верылі ў праўдзівасць абвешчаных Цэнтрвыбаркамам лічбаў і патрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. На наступны дзень, 20 сакавіка, на плошчы паўстаў намётавы лагер. Падчас тых падзеяў прыхільнікі пераменаў сталі называць Кастрычніцкую плошчу імем Кастуся Каліноўскага.
У ноч на 24 сакавіка лагер пратэстоўцаў быў разгромлены, больш за 500 чалавек затрыманыя. 25 сакавіка на Дзень Волі беларусы зноў выйшлі на масавую акцыю пратэсту ў Менску. Дэманстрацыя была разагнаная, а Казулін арыштаваны – за гэтыя падзеі яму прысудзілі 5,5 гадоў зняволення.