2,5 гады калоніі за жаданне стаць добраахвотнікам ва Украіне
У Берасцейскім абласным судзе адбыўся першы суд за „замах на ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях” (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса).

Абвінавачаны — 37-гадовы жыхар Берасця Сяргей Вайцюк. Гэта першы чалавек у Беларусі, якога асудзілі за тое, што хацеў стаць добраахвотнікам ва Украіне пасля 24 лютага 2022 года. Суддзя Святлана Крамянёўская 28 ліпеня прызначыла яму два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такое пакаранне запрашваў пракурор Аляксандр Богуш. Падрабязнасці з судовага працэсу распавядае берасцейская „Вясна”.
Згодна з версіяй абвінавачвання, Вайцюк „у красавіку 2022 года праз розныя інтэрнэт-рэсурсы высветліў парадак і магчымыя спосабы залічэння ва ўзброеныя фарміравання Украіны, а таксама звязаўся з іх прадстаўнікамі.
Вайцюка пачалі судзіць 25 ліпеня ў Берасцейскім абласным судзе. Справу разглядала суддзя Святлана Крамянёўская. Менавіта яна ў лютым 2021 года пасмяротна прызнала вінаватым у супраціве міліцыянту (арт. 363 КК) забітага Генадзя Шутава, які 11 жніўня атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву падчас пратэстаў у Берасце. Таксама яна асудзіла да 10 гадоў зняволення сябра Генадзя Аляксандра Кардзюкова. Дзяржабвінавачванне падтрымліваў пракурор Аляксандр Богуш, які быў дзяржабвінаваўцам пры паўторным судзе над палітвязнем Канстанцінам Рудніцкім.
Пракурор Богуш падчас спрэчак заявіў, знаходзіць віну Сяргея Вайцюка цалкам даказанай і папрасіў суд прызначыць мужчыну 2 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Сам абвінавачаны заявіў аб поўным прызнанні віны і раскаянні. У выніку суддзя Крамянёўская прызначыла менавіта такое пакаранне, якое прасіў пракурор.