250 дзён за кратамі знаходзіцца палітзняволеная Аліса Раманава



250 дзён за кратамі перабывае палітзняволеная з Берасцейшчыны Аліса Раманава. Яна была асуджаная па арт. 368 Крымінальнага кодэкса — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Палітвязень Аліса Раманава была затрыманая яшчэ ў верасні 2022 года за паведамленне ў Telegram-чаце, у якім утрымлівалася нібы абраза Аляксандра Лукашэнкі. Каментар быў напісаны ў тэлеграм-чаце „Беларускі Гаюн Chat”, а менавіта гэта чат, які звязаны з каналам „Беларускі Гаюн”, дзе адсочвалася перамяшчэнне расейскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі.

Дзяржабвінавачванне ў тэксце знайшло слова „пацукі”, і палічыла, што яно адносіцца да Аляксандра Лукашэнка. Да таго ж на судзе пракурорам было даказана, што слова з’яўляецца ненарматыўным.

Прысуд – 1 год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суддзя – Яўген Брэган. Аліса Раманава цяпер знаходзіцца ў папраўчай калоніі №4.

Беларускае Радыё Рацыя