500 дзён за кратамі Арцёма Сокала



Звыш 500 дзён – столькі за кратамі ўтрымліваецца палітвязень з Берасцейшчыны Арцём Сокал.

Ураджэнца Ляхавічаў прызналі вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – артыкул 368 Крымінальнага кодэкса або „Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” і артыкул 367 Крымінальнага кодэкса або „Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

Як сведчыць абвінавачванне, „20 жніўня 2020 года Арцём Сокал, жадаючы прычыніць шкоду аўтарытэту дзяржавы шляхам распаўсюджвання загадзя ілжывых, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, выдумак, што абражаюць прэзідэнта, зневажаюць яго гонар і годнасць, з дапамогай мабільнага тэлефона размясціў у тэлеграм-чаце „Ляхавічы 90%” інфармацыю ў выглядзе арыенціроўкі на злачынца з фотавыявай Лукашэнкі, якая змяшчае этнічныя звесткі ў дачыненні да яго”. Такім чынам, абвінавачаны размясціў арыенціроўку, якая ўтрымлівае абразлівыя выразы ў адрас кіраўніка краіны.

Суддзёй выступіла Наталля Буднік, пракурор – Васіль Башко. Прысуд – 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Большая частка прызначанага пакарання ўжо адбыта. Раней утрымліваўся ў СІЗА №7, але цяперашняе месца знаходжання праваабаронцам невядома.

Беларускае Радыё Рацыя