55 гадоў таму ў Слуцку адбыліся сутыкненні жыхароў з войскамі МУС
12 кастрычніка – роўна 55 гадоў таму – у Слуцку адбыліся жорсткія сутыкненні жыхароў з войскамі МУС.

Падзеі тады разгортваліся наступным чынам:
9 красавіка 1967 года загадчык аддзелу культуры Слуцкага гарвыканкаму Генадзь Гапановіч і яго сваяк Леанід Сыцько выганялі з пад’езда свайго дому п’янага рабочага цукровага заводу Аляксандра Нікалаеўскага і збілі яго. Назаўтра Нікалаеўскага знайшлі ў горадзе мёртвым у фантане гарадскога парку. Ён меў рэпутацыю скандаліста і невядома дакладна ад чаго памёр – па адной версіі ад траўмаў, паводле іншай – быў задушаны некім іншым.
Калі 10 кастрычніка 1967 года ў Слуцку пачаўся суд на Гапановічам і Сыцько ля будынку суда сабраўся вялізны натоўп (каля 5 тысяч чалавек), які патрабаваў смяротнага пакарання для камуніста-чыноўніка, што забіў простага рабочага. 11 кастрычніка натоўп пачаў патрабаваць выдаць ім забойцу Нікалаеўскага. Але спярша людзі проста патрабавалі перанесці судовы працэс у больш вялікае памяшканне і зрабіць яго адкрытым і даступным. Мясцовая наменклатура адмовілася пераносіць працэс. Трагедыі можна было ўнікнуць, але камуністы (найперш першы сакратар райкаму Анатоль Зелянкевіч) не захацелі даць тлумачэнні людзям, па-сутнасці справакаваўшы натоўп на гвалтоўныя дзеянні.

12 кастрычніка, калі Гапановіча выводзілі з будынку суда натоўп паспрабаваў адбіць яго ў міліцыі і расправіцца з ім. У выніку пачалася бойка з войскамі МУС, якія стаялі ў ачапленні. Паколькі вайскоўцы не былі належным чынам узброены і спрабавалі разагнаць натоўп газам «Чаромуха», то людзі, узброенныя палкамі і каменнямі паранілі, па некаторых звестках, каля 80 салдат. Іншыя звесткі называюць больш сціплыя лічбы: 42 параненых. Драўляны будынак суда закідалі бутэлькамі з бензінам і падпалілі. Загінуў адзін афіцэр міліцыі, які альбо сам няўдала выскачыў праз акно, ратуючыся ад полымя, альбо быў выкінуты ўдзельнікамі хваляванняў. Яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі (начальнік КПЗ Станіслаў Татур) пазней памёр у шпіталі. У будынку згарэла суддзя Галіна Аляксеева (працэс вёў іншы суддзя – Аляксандр Крыскевіч). Таксама ў шпіталі памёр пазней і намеснік начальніка РАУС Аляксандр Ягораў, які трапіў туды з сардэчным прыступам. Пажарныя машыны да пылаючага будынку натоўп не пусціў. Тым часам, Гапановіча міліцыя здолела вывезці ў Менск.


Расследаваннем трагедыі занялася спецыяльная камісія з прадстаўнікоў кіраўніцтва МУС, КДБ і кампартыі, як рэспубліканскага роўню, так і роўню СССР. Найбольш актыўных удзельнікаў хваляванняў асудзілі на розныя тэрміны турэмнага зняволення, двух — расстралялі. Пракурор Слуцку і начальнік гарадской міліцыі былі зняты са сваіх пасадаў. Расстралялі жыхароў Слуцку Івана Папова і Мікалая Грынюка.
Хваляванні ў Слуцку паказалі, з аднаго боку, сілу „эфекту натоўпу”, якой не змагла супрацьстаяць нават дзяржава, якая адмаўляла сваім грамадзянам у праве на мірныя акцыі пратэсту. З іншага боку яны былі вынікам дзяржаўнай палітыкі Савецкага, паводле якой народу не давалі нават магчымасці атрымаць поўную інфармацыю аб рашэннях улады, і раз’юшаныя жыхары Слуцку атрымоўвалі яе ў пераказах і плётках, што толькі больш правакавала натоўп.
Генадзь Гапановіч быў засуджаны да 8 год зняволення і рэшту свайго жыцця пражыў у Баранавічах.


