8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы



8 верасня 1514 года, нашыя продкі перамаглі ў адной з самых значных бітваў таго часу. Войскі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Іванавіча Астрожскага разбілі пад Воршай маскоўскіх інтэрвентаў.

Гэта была вялікая перамога над шмат большым маскоўскім войскам, здабытая ў абарончай вайне, на сваіх землях і сваёй жа арміяй, кіраванай сваім гетманам.

Аршанская бітва – адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Еўропы ў пачатку XVI стагоддзя. Перамога ў ёй дала Вялікаму Княству Літоўскаму магчымасць вярнуць захопленыя праціўнікам Дуброўна, Амсціслаў і Крычаў. Перамога пад Воршай разглядаецца як адна з першых у шэрагу трыумфаў беларускай зброі – Сінія Воды, Грунвальд, Кірхгольм, бітва пад Клецкам.

8 верасня названы Днём беларускай вайсковай славы. Гэтае свята афіцыйныя ўлады Беларусі не прызнаюць.