„Абражаў Лукашэнку”
Берасцейскі абласны суд завяршыў разгляд крымінальнай справы 42-гадовага жыхара Менска Аляксандра Гурніка.

Мужчыну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзеле ў такіх дзеяннях, закліках да санкцый і абразе Лукашэнкі
Судовы працэс, які пачаўся яшчэ 16 лютага, вёў суддзя Дзмітрый Куроўскі, піша «Вясна».
Палітзняволены Аляксандр Гурнік — агент па нерухомасці, блогер, аўтар блога «Беларусь у акне». На яго TikTok-акаўнт быў падпісаны 431 чалавек. У роліках ён гумарыстычна каментаваў беларускія навіны.
Гурніка затрымалі ў канцы чэрвеня 2022 года, разбіўшы пры гэтым акно яго кватэры. З апублікаванага праўладным тэлеграм-каналам відэа бачна, што міліцыя грукала ў дзверы Гурніка кувалдай. Адчыніць яе такім чынам не атрымалася, і сілавікі залезлі ў кватэру праз акно. Аляксандра пры гэтым моцна збілі.
Аляксандра ўжо збівалі раней, у 2020 годзе: ён трапіў пад хвалю катаванняў на Акрэсціна падчас жнівеньскіх пратэстаў. Паводле апублікаванага на яго старонцы медыцынскага заключэння, мужчыну жорстка збілі падчас затрымання на выхадзе з дома 12 жніўня і на Акрэсціна, на яго целе было 47 гематом.
У жніўні 2021 года абвінавачаны не менш за чатыры разы накіраваў лісты прадстаўнікам Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) з заклікамі, накіраванымі на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы палічыў суд. Як вынік — пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя