Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заснаваў новую ўзнагароду



Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заснаваў новую ўзнагароду — “Партызанскі Народны крыж”. Гэта нагрудны ганаровы знак, якім будуць ушаноўваць дзеячаў беларускага партызанскага і падпольнага руху за акцыі, накіраваныя на аслабленне і ліквідацыю ўлады акупацыйнай адміністрацыі.

Узнагарода, распрацаваная Геральдычнай Радай, уяўляе сабою крыж серабрыстага колеру з выявай герба “Пагоня” па цэнтры. Пад “Пагоняй” — выява чэрапа з косткамі, паміж канцамі крыжа па дыяганалі — два мячы серабрыстага колеру. На адваротным баку змешчаны надпіс “НІКОЛІ НЯ БЫЦЬ У НЯВОЛІ”.

Раней Аб’яднаны Пераходны Кабінет заснаваў медаль „Гонар і Годнасць”, якім узнагародзілі 27 загінулых удзельнікаў беларускіх пратэстаў і беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Украіны.

Беларускае Радыё Рацыя