Адбыліся масавыя чысткі ў СМІ Гомельшчыны
Гомельскае выданне „Флагшток” расказала пра масавыя чысткі, якія прайшлі ў мясцовых СМІ ў канцы мінулага года. Адным са звольненых па невядомай прычыне апынуўся і шматгадовы прапагандыст. Ягонае месца ў дзяржвыданні заняў падпалкоўнік міліцыі, які ўдзельнічаў у падаўленні пратэстаў.

Як паведамляе «Флагшток» са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй, праверкі пачаліся пасля таго, як прайшлі чысткі на радыё 107.4 FM у Гомелі. У кастрычніку 2022 года адтуль звольнілі трох працаўнікоў з-за згадкі Юрыя Дудзя ў прамым эфіры. Па інфармацыі «Флагштока», сярод звольненых апынуўся і гомельскі прапагандыст са стажам Станіслаў Галкоўскі, які вёў перадачу «Меркаванні» на Гомельскім тэлебачанні. Таксама яго імя знікла са старонкі „Аўтары” на сайце газеты „Гомельскія ведамасці” – там ён займаў пасаду намесніка галоўнага рэдактара з канца 2021 года.
Між тым на сайце «Гомельскія ведамасці» ў раздзеле «Пра нас» замест Галкоўскага на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара ўжо значыцца падпалкоўнік міліцыі Віталь Прыстромаў, які да нядаўняга часу ўзначальваў аддзел па сувязях з грамадскасцю УУС Гомельскага аблвыканкама. Гамяльчане памятаюць яго па масавых акцыях пратэсту розных гадоў: там ён каардынаваў фота- і відэаздымку пратэстоўцаў, многія з якіх пасля былі рэпрэсіраваны.