Адкрыты збор на пахаванне палітвязня Мікалая Клімовіча



Адкрыты збор на пахаванне палітвязня Мікалая Клімовіча. Як паведамлялася раней, цяжка хворы палітвязень памёр у віцебскай калоніі. Нягледзячы на тое, што суддзя і пракурор былі ў курсе цяжкіх захворванняў Мікалая, ураджэнца Пінска адправілі за краты. У калоніі ён пражыў толькі некалькі тыдняў.

Фонд BYSOL аб’яўляе збор на пахаванне Мікалая і заклікае ўшанаваць памяць ахвяры рэжыму.

Актывістка Алена Волкава, якая ведала Мікалая Клімовіча асабіста, адзначае, што Мікалай Клімовіч баяўся, што можа памерці ў турме.

–  У мяне вось гэты вобраз зусім спакойнага, добрага, вельмі такога сціплага чалавека. Чалавек жыў зусім у сціплых умовах, вельмі цяжкі матэрыяльны стан быў заўжды, таму што пенсія была мізэрная і яе ні на што не хапала. І гэта яшчэ пры тым, што ён вельмі любіў сабак і карміў іх з гэтай невялікай пенсіі. Вельмі прыстойны і вельмі сціплы.

У лютым 2023 года суддзя Андрэй Бычыла асудзіў Мікалая Клімовіча на год калоніі агульнага рэжыму за лайк на карыкатуру Лукашэнкі. Суддзя ўпершыню адзначыўся  ў палітычных справах у 2017 годзе, калі судзіў удзельнікаў акцый супраць закона аб дармаедстве. Чалавек, які быў з боку абвінавачання супраць Клімовіча, — 25-гадовы Ілля Гузарэвіч. Агульны лік справаў, у якіх з боку абвінавачання выступаў Гузарэвіч, невядомы, але толькі ў адкрытых крыніцах іх з дзясятак.

Беларускае Радыё Рацыя