Агляд тыдня
Увесь мінулы тыдзень беларусы згадвалі пачатак пратэснага руху 2020, які перарос у сапраўдную рэвалюцыю.

9-га жніўня ў дзясятках гарадоў па ўсім свеце адбыліся акцыі памяці і салідарнасці з палітычнымі зняволенымі.
Ішлі ды працягваюцца дыскусіі па тэме «што пачалося 9 жніўня 2020 году?» І некаторыя аналітыкі, і звычайныя карыстальнікі інтэрнэту спрабавалі ўявіць ці магла хада падзеяў быць іншай. Ці быў шанец на зрынанне лукашэнкаўскай дыктатуры і пабудову Новай Беларусі?
Гісторыя не ведае ўмоўнага склону, але большасць сходзяцца ў тым, што ў выніку паразы лукашызму Расея ўвяла бы войскі ў Беларусь. І што калектыўная інтуіцыя павяла стыхію беларускага пратэсту аптымальным шляхам.
Таксама на мінулым тыдні згадвалі першых забітых карнікамі пратэстоўцаў. 10 жніўня 2020 году каля метро «Пушкінская» у Менску цынічна на вачах у дзясяткаў людзей забілі Аляксандра Тарайкоўскага. А 11-га чысла таго ж году ў Берасці ў дварах жылых дамоў вайсковы афіцэр сілаў спецыяльных аперацый са спіны забіў Генадзя Шутава.
Так пачалася чарада смерцяў ад забойстваў, катаванняў і ненадання медычнай дапамогі. Чарада, якая працягваецца і цяпер.
_______________________
На мінулым тыдні працягваліся атакі мігрантаў з Азіі на польскую мяжу з боку Беларусі. У тым, што мігранцкі крызіс арганізаваў і падтрымлівае афіцыйны Менск, у польскіх уладаў сумневаў няма.
Польская памежная служба запрасіла ў Міністэрства абароны дадатковых салдат для ўмацавання мяжы.
Дадатковыя вайсковыя сілы падцягваюць да Беларусі і ў звязку з меркаванымі правакацыямі рукамі «вагнераўцаў», фінансаваных расейскай дзяржавай наёмнікаў.
__________________________
«Не выязджай у Беларусь, ты можаш ніколі не вярнуцца». На літоўска-беларускай мяжы ўсталявалі шыльды з перасцярогай ад уезду ў Беларусь.
Польскі і літоўскі ўрады досыць сур’ёзна заяўляюць, што могуць цалкам перакрыць мяжу з Беларуссю.
Тады фраза з суполкі беларусаў у інтэрнэце, кшталту, «мама хоча на пару дзён пад’ехаць з Гародні ў Варшаву» атрымае іншы сэнс.
Пад’ехаць з Беларусі ў Польшчу на пару дзён можна будзе праз Казахстан, Арменію, Грузію, Турцыю ці яшчэ больш аддаленыя краіны.
Меркаванні экспертаў па магчымасці аднаўлення сапраўднай жалезнай заслоны між Беларуссю і захадам пакуль размеркаваныя пяцьдзясят на пяцьдзясят «за» і «супраць». Сочым за развіццём памежнага крызісу.
_________________________
На мінулым тыдні 9-га жніўня карныя органы затрымалі аматара кампутарнай гульні «Танкі» за выяву «Пагоні» на ягонай віртуальнай баявой машыне.
Калі за мяжой Беларусі ў вас будуць пытацца што ў нас адбываецца, проста прыводзьце гэты прыклад. Бо ў затрыманні за каробку з-пад паўднёва-карэйскага тэлевізара ў бела-чырвоных адценнях ці за белыя шкарпэткі з чырвонай стужкай памерам з нітку за мяжой звычайна не вераць. Думаюць, што беларусы ўвесь гэты тэатр абсурду прыдумляюць.
Здавалася б – навошта мудрагеліць? Шукаць нават па кампутарных анлайн гульнях. Грабі ўсіх запар, бо даказана матэматычна, што большасць беларусаў не падтрымлівае ні Лукашэнку ні ягоных служак.
Але не, служкам патрэбныя фармальнасці. На ўсялякі выпадак – а раптам сістэма такі зменіцца?
____________________________
На мінулым тыдні была зробленая складаная і дарагая па аплаце аперацыя Віталю Тысеву. 55 тысяч еўра сабралі не абыякавыя да лёсу суайчынніка беларусы. Праз удар дубінкай па храбту ў 2020 годзе Віталю Тырсеву пагражаў поўны параліч.
_________________________
На мінулым тыдні працягваліся рэпрэсіі. Затрымлівалі новых, падаўжалі тэрміны ўжо асуджаным. Некаторыя медыі рабілі матар’ялы па тэме «калі гэта ўжо ўсё скончыцца?» Мой адказ – спачатку людзі мусяць усвядоміць, што мінімум ад 2020 году яны ў вайне.
Невераемна, але факт, шмат хто жыве з ілюзіяй, што свет такі самы як да 2020 і тым больш 2022 году, толькі «крыху абвастрыўся».
Не, сябры, свет іншы. Гэта свет вайны. Рэпрэсіі ў Беларусі – гэта кантроль за тыламі расейскай арміі ў агрэсіі супраць Украіны.
І ў гэтым тыле варта адкрываць другі партызанскі фронт. Але гэта пытанне нават не да вайсковых прафесіяналаў у дыверсійнай справе, а да палітыкаў.
Жыве!
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя