Агляд тыдня



Свята Герба і Сцяга адзначыла вольнае грамадства 19 верасня. У гэты дзень у 1991 годзе Вярхоўны Савет зацвердзіў беларускую нацыянальную сімволіку як дзяржаўную. А таксама прыняў назву Рэспубліка Беларусь. Менавіта скарочаная назва дзяржавы – Беларусь – была юрыдычна зафіксаваная і ў расейскамоўная версіі, замест папярэдняй «Белоруссии».

Перад тым у публічнай прасторы слова «Беларусь» можна было пабачыць на ўнівермагу ў Менску, на касетным магнітафоне, на трактары, зрэдчас на міжгародніх аўтобусах беларускага базавання, ну і так – дзе-нідзе па дробязях.

Змагаючыся з нацыянальнай сімволікай, Лукашэнка не разумее, што спачатку было Слова. У нашым выпадку гэта слова «Беларусь». Што гэта не «лінгвістычнае пытанне», як нам спрабуюць тлумачыць з Расеі. Беларусь – гэта код. Код супольнасці. 

Жыве Беларусь як паняцце, будзе жыць і ўсё астатняе, звязанае з нашым кодам. Колькі не змагайся.

Не дзіва, што ўжо пад канец 1990-х большасць беларусаў забылася на «Белоруссию», і казалі Беларусь. А з развіццём інтэрнэту ментальныя баі паўсталі на шматлікіх пабліках. Хтосьці казаў, што без сэнсу даводзіць расейцам слушнасць назвы «Беларусь». А я думаю, што ў такі спосаб беларусы выціскалі Маскву са сваіх галоваў.

***

На мінулым тыдні ў Швейцарыі скончыўся суд над Юрыем Гараўскім. Былым удзельнікам лукашэнкаўскага эскадрону смерці, які таемна вынішчаў апанентаў Лукашэнкі. Канкрэтна Юры Гараўскі спрычасны да выкрадання і забойства ў 1999 годзе першага міністра МУС незалежнай Беларусі Юрыя Захаранкі, бізнесоўца Анатоля Красоўскага і главы тагачаснай цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара.

Юры Гараўскі сам здаўся швейцарскім уладам. Прысуд будзе агучаны ў адзін з дзён апошняга тыдня верасня. Цікава – што штурхнула чалавека на падобны крок? Бо ў кожным разе, нават з такім аблягчальным фактарам як добраахвотнае прызнанне, Гараўскі мусіць несці крымінальную адказнасць.

Тэарэтычна працэс над Юрыем Гараўскім можа стацца тым жалудам, які расколе аграмадную лядовую гару як у анімацыйным фільме «Ледавіковы перыяд».

Ад 1999 году вырасла цэлая новая генерацыя, у тым ліку і тыя, хто служаць сёння Лукашэнку, катуючы мірных грамадзян ці без віны адпраўляючы іх на драконаўскія тэрміны зняволення.

Еўрапарламент ужо прапанаваў Міжнароднаму крымінальнаму суду ў Гаазе прызнаць Лукашэнку злачынцам за выкраданне ўкраінскіх дзяцей і пасобніцтва пуцінскай агрэсіі ва Украіне.

Цяпер важна прадставіць канкрэтныя доказы па тым, што Лукашэнка мультызлачынца ўнутры Беларусі. І што ягоны крывавы чын пачаўся не ў 2020 годзе, а значна раней.

Нюрберг над лукашызмам цалкам магчымы.

***

На мінулым тыдні Лукашэнка сабраў «нараду», дзе агучыў свае планы прыгоннага права адносна моладзі, якая хоча вучыцца ва ўніверсітэтах Беларусі.

Цяпер калі ты нават заплаціў за сваё навучанне, мусіш прымусова працаваць дзе скажуць. Аргумент Лукашэнкі, агучаны па тэлебачанні, такі – мала заплаціў, каб быць цалкам свабодным. Крытэр мала ці дастаткова – «на глазок».

Сітуацыя падштурхне шмат каго з бацькоў шукаць адукацыю для дзяцей за мяжой.

Паказальна, што нядаўна ў Гародні з працы звольнілі дырэктараў дзвюх школаў за тое, што надта шмат выпускнікоў выехалі вучыцца ў замежных універсітэтах.

Выглядае, што Лукашэнка бачыць рэальную пагрозу застацца без мазгоў. Столькі гадоў рабіць стаўку на пакорных выканаўцаў і раптам зразумець, што рубіў сук, на якім сядзеў.

Падчас нарады Лукашэнка прагаварыўся, што можа закрыць выезд з краіны тым маладым людзям, якія не адпрацавалі паншчыну. А тэрміны там ад пяці да сямі гадоў. Лічыце – хатняя хімія.

Мой прагноз – у эвакуацыйнай службы арганізацыі BYSOL паболее працы.

Бо не дзеля таго людзі ідуць па вышэйшую адукацыю, каб жыць у стане асуджаных.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя