Агляд тыдня: Беларусь выкарыстоўваецца Масквой для эскалацыі

Першыя расейскія вайсковыя, прызначаныя для вучэнняў Арганізацыі дамовы пра калектыўную бяспеку (АДКБ), прыбылі ў Беларусь 19-га жніўня.
Што з расейцамі, што без іх, усялякага віду вайсковыя вучэнні ідуць у Беларусі практычна нон-стоп яшчэ з пярэдадня ўварвання Крамля ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
Цяпер ужо мала хто глядзіць на вайсковыя манеўры на тэрыторыі Беларусі проста як на штатную трэніроўку. Дый АДКБ як арганізацыя існуе выключна на паперы. Ёсць расейскае войска і дапаможныя сілы лукашэнкаўскіх вайсковых.
Беларусь актыўна выкарыстоўваецца афіцыйнай Масквой для эскалацыі напругі з NATO.
18 жніўня на волю выйшаў колішні рэдактар і колішні кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынгу выдання «Наша Ніва» Андрэй Скурко
Яго вінавацілі ў фінансавых злоўжываннях, насамрэч, Андрэй Скурко стаўся адной з першых ахвяраў разгрому незалежных ад лукашыстаў медыяў на тэрыторыі Беларусі.
Але «Наша Ніва» ды іншыя знішчаныя ўнутры Беларусі медыі, паспяхова працуюць з-за мяжы, маючы ўнутры краіны сваіх інфарматараў.
19-га жніўня шырокая публіка дазналася, што два вершы паэта сярэдзіны ХІХ стагоддзя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча прызнаныя экстрэмісцкімі
Гэта «Гутаркі старога дзеда» і «Плывуць вятры». Вершы выйшлі ў падпольнай друкарні ў Беластоку ў 1861 годзе. І былі часткай агітацыйнай кампаніі шляхты пад час падрыхтоўкі паўстання, якое ў Польшчы вядомае як Студзеньскае, а ягоная частка на тэрыторыі Беларусі як Паўстанне Кастуся Каліноўскага.
Будучыя паўстанцы мелі на мэце далучыць да сябе сялянаў. У пракламацыях, напісаных па-беларуску лацінскімі літарамі, тлумачылася пагроза знаходжання зямель былой Рэчы Паспалітай у складзе Расейскай імперыі. Асаблівы акцэнт у агітацыі рабіўся на рэкруцкім расейскім войску, куды забіралі сялянаў. Чаго ў Рэчы Паспалітай не было. Зрэшты як і рабаўніцкага характару вымання ў сялянаў фуражу і ежы.
Самыя розныя аглядальнікі бачаць, што сёння абвастрылася праімперская ідэалагічная практыка знішчэння, дакладней, спробы знішчэння беларускай нацыянальнай самасвядомасці.
Стваральнік і кіраўнік інфармацыйнага праекту REFORM.by Фёдар Паўлючэнка ў сваім ютуб-праекце аргументавана выказаў версію, што крамлёўскія куратары па Беларусі рыхтуюць знішчэнне вобраза Кастуся Каліноўскага. І што гісторыя з «экстрэмістам» Дунін-Марцінкевічам толькі падрыхтоўка.
Для расейскіх імперцаў беларускі Кастусь Каліноўскі яшчэ горшы за ўкраінскага Сцяпана Бандэру. Калі адзінадумцы Бандэры змагаліся за волю Украіны, то Каліноўскі з паплечнікамі супраць Расейскай імперыі як такой.
Але вось жа нявыкрутка. Вобразу Кастуся Каліноўскага як народнага героя Беларусі хутка ўжо будзе як сто гадоў. Некалькі генерацыяў выраслі на вобразе змагара супраць царызму з плаўным пераходам у «супраць Расеі».
16 жніўня ў Нацыянальным архіве Беларусі затрыманыя не менш за сем чалавек.
Тут жа можна прыгадаць сёлетнія масавыя затрыманні ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, іншы пераслед навукоўцаў розных галін, і палітыка ХІХ стагоддзя па знішчэнні інтэлектуальнага патэнцыялу на землях Беларусі прасочваецца адзін у адзін.
На мінулым тыдні былі афіцыйна ліквідаваныя партыі АГП (Аб’яднаная грамадзянская партыя) і БНФ (Беларускі народны фронт).
Што ж, можа быць, гістарычны лёс дае магчымасць для перастварэння партый, якія даўно ператварыліся ці то ў НЖО (недзяржаўная арганізацыя), ці то ў клуб па інтарэсах.
Вялікая колькасць актыўных беларусаў цяпер за мяжой. Застаецца толькі знайсці спосабы падтрымкі сваіх адзінадумцаў, якія застаюцца ў краіне. А іх большасць.
На мінулым тыдні працягваліся затрыманні беларусаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Памятаем, што тысячы нашых суайчыннікаў катуюцца за кратамі.
Падтрымліваем сваіх, дзе б яны ні былі!
Жыве!
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя