Агляд тыдня з Севярынам Квяткоўскім
Дата 19 верасня для мяне лёгкая, светлая, святочная і ўзнёслая.

Я памятаю гэты дзень у 1991 годзе. Я вучыўся ў галоўным корпусе БДУ – акурат насупраць Дому Ураду. Мы прыйшлі раніцай на ганак універсітэту, і насупраць праз плошчу пабачылі бел-чырвона-белы сцяг над галоўным будынкам краіны.
Я віншую ўсіх прыхільнікаў беларускай нацыянальнай Ідэі з днём Сцяга і Герба.
У 1991-м свята ў нас скралі. Сімволіку замянілі ціха. Бо калі ўрачыста, то трэба было б рабіць прамовы. А значыць тлумачыць значэнне замены, казаць пра пераемнасць з БНР. Сцісла кажучы, трэба было б казаць рэчы, за якія камуністы яшчэ зусім нядаўна рабілі людзям вялікія праблемы рыхтык да зняволення за кратамі.
А ў Вярхоўным Савеце, то бок парламенце, які месціўся ў тым самым Доме Ураду, большасцю былі камуністы, існыя на той момант ці нядаўнія.
Парламенцкая апазіцыя на чале з БНФ была ў меншасці, але здолела літаральна ўгаварыць камуністаў на замену сімволікі і назвы краіны з БССР на Рэспубліку Беларусь.
У справе сімволікі афіляваныя з дзяржавай дэпутаты пайшлі следам за калегамі з іншых «саюзных рэспублік». А дзяржава заставалася збольшага савецкай і вельмі ўпарцілася пераменам.
На сімвалічным узроўні так і не прынялі ні новы гімн, ні замянілі назву валюты.
Не прыбралі ні Леніна, ні Дзяржынскага, і нават назву КГБ не змянілі.
Я трымаюся прынцыпу неперакладання некаторых абрэвіятураў, прыўнесеных у Беларусь гвалтам. Таму КГБ, а не КДБ. Не надта беларускім КГБ застаецца і цяпер. Магчыма, калі-небудзь у будучыні беларусы дазнаюцца маштаб інфільтрацыі крамлёўскіх агентаў, штатных і добраахвотных, на розных узроўнях улады.
Тое, што ў 2020 годзе вярхушка сілавікоў не раскалолася, таксама звязанае з моцнай яе сцэментоўкай з Масквой.
Нянавісць да беларускай нацыянальнай сімволікі ў атачэнні Лукашэнкі прыродная. Носьбіт бел-чырвона-белага сцяга для лукашэнкаўцаў ёсць ворагам па вызначэнні. Асабліва пасля ўсіх ужо адкрытых злачынстваў ад 2020 году і да сёння. Вяртанне БЧБ на Дом Ураду будзе азначаць іх як мінімум кар’ерны канец. А ў большасці выпадкаў – суд.
Доўгі час афіцыйная прапаганда спрабавала ўкараніць у грамадстве думку, што БЧБ-сімволіка – для групкі дзівакоў-маргіналаў. Час ішоў, змянялася генерацыя.
Вонкава змена была добра заўважанай на стагоддзе БНР у 2018 годзе, калі толькі ў Менску прыйшлі дзясяткі тысяч на святкаванне падзеі.
Канчаткова нацыянальная сімволіка замацавалася ў 2020 годзе.
Герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі сімваламі Беларускай рэвалюцыі. Сталіся стыхійна, што асабіста для мяне самае галоўнае, калі бачыш, што ідэя жывая і прабівае сама сабе шлях.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя