Акцыя памяці Алеся Пушкіна ў Беластоку (абноўлена)
Беларуская дыяспара Беластока аператыўна, па атрыманні інфармацыі пра смерць у палітычным зняволенні вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна, зладзіла акцыю пад сценамі Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку.

57-гадовы мастак, адбываючы 5-гадовае зняволенне, раптоўна памёр у рэанімацыі ў ноч з 10 па 11-е ліпеня. Гэта не першая смерць палітзняволенага ў Беларусі. На акцыю сабралася каля паўсотні чалавек.
Адбылася хвіліна маўчання ў памяць пра вядомага мастака, беларуса, культурнага дзеяча, які ў свой час сваім перфомансам ля Адміністрацыі прэзідэнта нагадаў Лукашэнку пра тое, што ахвярай ягонай дыктатуры стаў у першую чаргу беларускі народ.

Прамаўляў і кіраўнік Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, які асабіста ведаў Алеся Пушкіна:
– Алесь Пушкін – гэта мой шматгадовы сябар. Я з ім знаёмы з 1989 года. Ягоная сіла духоўнасці вельмі вялікая, была, ёсць і будзе. Ён вярнуўся з Кіева, будучы свядомым, што будзе арыштаваны. Ён ведаў, што ягоная роля мастака, беларуса, чалавека, быць у сябе.

Падчас акцыі працаваў вольны мікрафон, удзельнікі мітынгу дзяліліся ўспамінамі пра беларускага дзеяча Алеся Пушкіна. Агульны настрой мітынгу – адчуванне цяжкога ўдару і глыбокага смутку, што чарговы сын Беларусі загінуў у турме Лукашэнкі.
Удзельнікі акцыі не бачаць міжнароднай сілы, якая б магла зараз прыцягнуць рэжым да адказнасці за гэтыя ды іншыя смерці. Як і сілы ўнутры Беларусі, каб беларусы выйшлі з дамоў на пратэсты. Сярод прапаноў гучаў заклік прызнання Беларусі акупаванай дзяржавай, а палітзняволеных – палоннымі.















Беларускае Радыё Рацыя