Алег Груздзіловіч: Патэнцыял беларусаў не знікне



Сейм Літвы ўзнагародзіў журналіста „Радыё Свабода” Алега Груздзіловіча прэміяй „Надзея Свабоды”.

Перад уручэннем у залі Сейму прагучалі даволі рэзкія словы на адрас беларусаў ад кіраўніка камітэту па замежных справах Жыгімантаса Павілёніса: маўляў, 30 год Беларусі дапамагае цывілізаваны свет, а беларусы, нягледзячы на свой цалкам еўрапейскі патэнцыял, стаяць убаку і нібыта хочуць перамен чужымі рукамі:

– Можа быць на 95% я згодны з гэтым. Я б не стаў спрачацца і я не стаў спрачацца. Ён мае рацыю, калі кажа пра тое, што беларусы мусяць сваімі рукамі заваяваць сабе свабоду і стаць на дэмакратычны шлях, далучыцца да Еўропы. Ён вельмі шкадуе, што гэтага дагэтуль не адбылося. Кажа: „Ну як жа так, вы ж заўсёды былі еўрапейскім народам, аднак апынуліся па другі бок”. Калі ён адказваў на дадатковыя пытанні, то казаў: „Вы зараз там будзеце не часткай нейкай Расеі, а часткай Кітаю”. Не трэба яго словы інтэрпрэтаваць, мы ўсе можам памыляцца ў інтэрпрэтацыі, але сэнс яго слоў быў у тым, што нельга бясконца спадзявацца на дапамогу, што хтосьці прыйдзе і выратуе. Літоўцы былі ў такіх жа ўмовах, але выявілі волю і зараз знаходзяцца разам з Еўропай. Гэтак жа трэба рабіць і нам.

Канешне можна сказаць, што літоўцы зараз могуць не быць у курсе таго, што адбываецца ў Беларусі ў цяперашні час пасля 2020 года ў 2022. Насамрэч рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі дастаткова няўяўныя ў Літве. Літоўцы параўноўваюць сітуацыю з часамі былога Савецкага Саюза, што кагосьці арыштавалі, кагосьці выгналі з працы. Такімі рэпрэсіі мы тады ўяўлялі і з такім уяўленнем засталіся жыць. Рэжым выкарыстоўвае ў Беларусі значна больш жорсткія рэпрэсіі, якія цяжка было б уявіць. То бок не проста выганяюць з працы, а за лайк садзяць у турму. Я сядзеў з чалавекам, якому далі два гады за лайк. Мы бачым па навінах, што кожны дзень кагосьці затрымліваюць, прычым знакавых фігур. То бок не проста выбарка людзей, якія пратэставалі, каб іх пакараць, а каб усе астатнія пра гэта ведалі і баяліся. Ідзе запалохванне ўсяго грамадства і гэтаму супрацьстаяць могуць толькі самы беларусы ўнутры краіны.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Пасля медычнай рэабілітацыі Алег Груздзіловіч, які правёў у калоніі 9 месяцаў, вяртаецца ў журналістыку.

Беларускае Радыё Рацыя