Алег Ражкоў: Мы вырашылі адзначыць праваабаронца Максіма Буткевіча



Беларуская праваабарончая ініцыятыва „Журналісты за талерантнасць” сёлета ў межах свайго штогадовага конкурсу – асобай году назвала – украінскага праваабаронца Максіма Буткевіча – эксперта Школ талерантнасці, якія праводзіць ініцыятыва. Каардынатара праекта „Без межаў” грамадскай арганізацыі Цэнтр „Сацыяльнае дзеянне” расейскія войскі захапілі ў палон у раёне населеных пунктаў Залатое і Горскае Луганскай вобласці.

Пра гэта стала вядома ў канцы чэрвеня. Заўважае кіраўнік ініцыятывы „Журналісты за талерантнасць” Алег Ражкоў:

– У гэтым годзе мы вырашылі адзначыць украінскага праваабаронца Максіма Буткевіча. Гэта эксперт па мове варожасці, які працаваў на нашых школах талерантнасці для журналістаў і рэдактараў. Ён зараз знаходзіцца ў расейскім палоне. Нам было важна адзначыць яго, каб яшчэ раз нагадаць пра тое, што адбываецца, каб праявіць салідарнасць з нашым калегам.

Праваабарончая ініцыятыва „Журналісты за талерантнасць” – некамерцыйная грамадзянская асацыяцыя прадстаўнікоў СМІ, якія прасоўваюць ідэі роўнасці і не дыскрымінацыі ў СМІ. Штогод яны праводзяць конкурс для журналістаў і рэдакцый СМІ з Беларусі, якія ў сваёй працы ўздымаюць пытанні ўразлівых сацыяльных груп.

Беларускае Радыё Рацыя