Алена Лапцёнак: Усё пад забаронай



У нашым эфіры пабывала праваабаронца з праваабарончага цэнтру „Вясна”Алена Лапцёнак.

РР: 15-ць гадоў калоніі атрымала Марфа Рабкова. Ці можаце пракаментаваць?

– Безумоўна цяжка каментаваць такі прысуд, хаця ён быў чаканы. Марфа Рабкова ўтрымліваецца за кратамі фактычна два гады. Увесь гэты час справа была закрытай, следства закрытае. Мы даведаліся пра колькасць яе крымінальных артыкулаў толькі з яе ліста. Адпаведная цэнзары дазволілі гэта прапусціць. Прагназавалася, што вырак можа быць да 20-ці гадоў, далі крыху менш. Усё гэта цяжка. Адзін з асуджаных палітвязняў сказаў сваёй маці: „Мама, а што гэтыя гады? Яны выносяць 15, камусьці 20 даюць, як таму ж Аліневічу. Невядома, што будзе праз паўгода ці год. То бок ніхто насамрэч не ўпэўнены, што гэтыя палітвязні адседзяць гэтыя гады. Гэта робіцца для застрашэння, каб паказаць грамадству, што калі вы будзеце супраць, то майце на ўвазе.

РР: Кіраўнік праваабарончага цэнтру вясна Алесь Бяляцкі зноў за кратамі.

Алесь не першы раз трапіў за краты. Дзесьці маральна ён, як і многія людзі, быў да гэтага гатовы. Вядома, ніхто гэтага не хоча і сказаць, што ты гэтага чакаеш, нельга. У адрозненні ад тых падзей 10-цігадовай даўніны, на сёння на жаль нават легальныя акцыі салідарнасці немагчыма правесці. Мы рабілі на 50-годдзе, калі ў галерэі „Ў” была арганізавана ў гонар Алеся вечарына. Прыходзілі амбасадары і той жа Аляксандр Фядута, які сёння сам палітвязень і атрымаў 10 гадоў зняволення. То бок гэта хутчэй нейкія такія анлайн-трансляцыі і выказванні вядомых людзей. На сёння нават перапіска з Алесем вельмі складаная. Я тады, калі ён сядзеў у першы раз, рыхтавала кніжку, якую пасля выдалі „Іртутнае срэбра жыцця”. Ён пісаў, я яму набірала, адсылала раздрукаваны фармат, ён рэдагаваў. То бок былі былі нармальныя стасункі. Зараз нават адвакаты нічога не могуць сказаць, перадаць нейкія вестачкі. Усё пад забаронай.

РР: Праваабарончы цэнтр „Вясна” ужо пэўны час працаваў нелегальна.

– Ён быў пазбаўлены рэгістрацыі ў 2003 годзе фактычна за прэзідэнцкія выбары 2001 года. З гэтага часу спробы правесці рэгістрацыю на жаль не далі ніякага плёну. Так, мы не насілі дакументы штогод, бо гэта фактычна было бессэнсоўна, але тыя спробы, якія былі зроблены, вынікаў не далі. Нават у тыя часы на офіс арганізацыі прыходзілі лісты з дзяржаўных устаноў, якія былі падпісаныя Праваабарончы цэнтр „Вясна”. Не з’яўляючыся юрыдычнай асобай арганізацыю прызнавалі ўлады, ставілі ў такое становішча адмыслова.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя