Алена Маслюкова: Для Ураду Беларусі праваабаронцы – ворагі нумар 1
Дыктатар Беларусі так напалоханы падзеямі 2020 года, што загадаў нішчыць усё, што зыходзіць ад народа.

Літаральна на днях праваабарончы цэнтр «Вясна», усе яго філіі, сайты, тэлеграм-каналы і іншыя інтэрнэт выданні прызнаны экстрэмісцкімі, кажа сябра праваабарончага цэнтра «Вясна» Алена Маслюкова:
РР: Па «Вясне» нанесены чарговы ўдар. Не так даўно філія „Гомельская Вясна” і сайт філіі «Вясны» былі прызнаныя экстрэмісцкімі, а цяпер увесь праваабарончы цэнтр, і ўсе сайты, чаты, і г.д. Чаму рэжым настолькі баіцца не палітычнай арганізацыі, а толькі ўсяго праваабарончай?
– Думаю, што на гэтае пытанне лепш бы адказаў сам рэжым, чаму ён так баіцца праваабарончай арганізацыі, хаця ў мяне ёсць на гэты конт і свае меркаванні. Для прыкладу магу сказаць, што праваабарончых арганізацый, хаця яны і не палітычныя, баяцца па вялікім рахунку ўсе. Чаму? Бо для праваабаронцаў на першым месцы стаяць якраз такі менавіта Правы Чалавека, і ўсе правы, якія задэклараваныя ў Міжнароднай дэкларацыі правоў чалавека. Вось менавіта іх і падтрымліваюць праваабаронцы ў сваёй дзейнасці, Калі паглядзець на ўвесь комплекс гэтых правоў – то гэта вельмі шырокі комплекс, вельмі годны комплекс, які найперш прызнае годнасць самага чалавека. І таму маё такое перакананне, што ў любой сістэме любому рэжыму праваабаронцы выступаюць у піку. Бо любая сістэма і любы палітычны рэжым так ці інакш схільны парушаць правы чалавека. Таму праваабаронцы нязручныя. Але іншая сітуацыя, калі рэжымы насамрэч носяць моцна выражаны аўтарытарны ці прымаюць таталітарны характар і форму. Таму для беларускай сістэмы, для беларускага Ураду праваабаронцы – гэта ворагі нумар адзін. Па шчырасці, многія людзі, калі даведаліся пра тое, што «Вясна» была прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем, былі моцна здзіўленыя. Не таму што прызналі, а таму што прызналі так позна. Многія думалі, што праваабарончы цэнтр ужо даўно ўключаны ў гэты спіс. Гэта не смешна, гэта гаворыць пра крызіс усёй сістэмы, гэта гаворыць пра тое, наколькі людзі не прымаюць рэжым і паважаюць праваабаронцаў. Таму што місія праваабаронцаў у гэтым і заключаецца, каб дапамагаць людзям, якія трапляюць пад каток рэпрэсій лукашэнкаўскай сістэмы.
Цалкам размова:
Паводле Алены Маслюковай, праваабаронцы «Вясны» будуць і надалей бараніць правы беларусаў. Як кажуць, «сабака брэша, вецер носіць, а караван ідзе».
Беларускае Радыё Рацыя