Алесь Бяляцкі сустракае свой чарговы дзень народзінаў у турме (абнаўляецца)
Кіраўнік праваабарончага цэнтра „Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра 2022 года Алесь Бяляцкі сустракае свой чарговы дзень народзінаў у турме. Дыктатар пасля чарговых выбараў, як гэта было і ў 2011, не пакінуў на волі старшыню „Вясны”.

Гаворыць яго паплечніца, сябра „Вясны” Алена Лапцёнак:
– Алесь шосты дзень народзінаў праводзіць за кратамі, ужо шосты. 50-годдзе ён сустрэў за кратамі і 60-годдзе ён сустрэў за кратамі. Таму безумоўна толькі свабоды, здароўя і сіл, каб яшчэ змог працягнуць сваю дзейнасць і ўсё ж пабачыць Беларусь вольнай і незалежнай.

Калегі-праваабаронцы перадаюць Алесю Бяляцкаму свае віншаванні за краты:
– Сяржук Сыс, журналіст: Алесь, скажу толькі адно: трымайся, мы робім тваю справу і чакаем цябе на волі.
– Аляксей Колчын, праваабаронца: Віншуем, Алесь, з днём народзінаў. Чакаем.
– Ігар Казамерчак: Алесь Віктаравіч, з днём народзінаў Вас. Вялікай працаздольнасці. Вашая праца вельмі карысная.
– Уладзімір Вялічкін, праваабаронца з Берасця: Жадаю хутчэйшага вызвалення.
– Алена Маслюкова, праваабаронца: Найперш здароўя. Таму што гэта важна – захаваць здароўе, фізічнае, псіхічнае, эмацыйнае.
Алеся Бяляцкага асудзілі па палітычна-матываваным артыкуле на 10 гадоў зняволення. Сваё пакаранне зняволены праваабаронца адбывае ў папраўчай калоніі №9 у Горках.
Кіраўнік праваабарончага цэнтра „Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі 3 сакавіка 2023 года асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму фактычна за дапамогу людзям, якіх рэпрэсавалі і мучылі васалы дыктатара.

Беларускае Радыё Рацыя