Аляксандра Фядуту і Ірыну Слаўнікаву перавялі ў калоніі
Паліттэхнолага Аляксандра Фядуту і журналістку Ірыну Слаўнікаву перавялі ў калоніі. Пра гэта паведамляе праваабарончы Цэнтра „Вясна”.

Палітзняволеную журналістку TVP Ірыну Слаўнікаву этапавалі з СІЗА ў гомельскую жаночую калонію. Нагадаем, журналістку абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (ч.1 арт. 361-1 КК), а таксама арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным у іх удзеле (ч. 1 арт. 342 КК) і асудзілі да 5 гадоў калоніі.Жонка Аляксандра Фядуты Марына Шыбко паведаміла ў сваім Фэйсбуку, што да 20 снежня яе муж знаходзіцца на „карантыне” у ПК-15 Магілёва.
„Піша, што першае знаёмства з новым месцам жыхарства прайшло нармальна, атрымаў казённую форму, якая цалкам прымальная, нават „кажан” (куртка, напэўна) цёплы і зручны, а чаравікі ўзяў на памер большыя, каб пры прыступе падагры залазілі ногі. Ну чамусьці навучыўся ўжо. Не магла сабе ўявіць у дрэнным сне — АІФ на зоне, але вось так, будзе павышаць кваліфікацыю”, — напісала Марына Шыбко.
Аляксандра Фядуту асудзілі да 10 гадоў калоніі за „змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам”.