Аляксей Балашоў: Мы мяняем жыццё беларусаў у грузінскім Батумі



Некалькі дзён таму ў грамадскім жыцці беларусаў, што жывуць у грузінскім Батумі адбыліся змены. Дэмакратычным шляхам быў абраны новы кіраўнік грамадскай арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі». Ім стаў грамадскі актывіст Аляксей Балашоў.

Аляксей распавядае, што сабой цяпер уяўляе арганізацыя беларусаў Аджарыі: 

– Гэта некамерцыйная арганізацыя, зарэгістраваная тут, у Батумі. Ёсць паняцце дыяспары больш шырокае, то-бок у нас часам далучаюцца да беларускіх розных імпрэзаў людзі, якія не ўваходзяць у афіцыйны склад, але на валанцёрскіх пачатках. У складзе арганізацыі ў нас людзі розных прафесій і кампетэнцый, гэта і юрысты, і айцішнікі, і прадпрымальнікі, праваабаронцы, навукоўцы, гісторыкі.

Па словах Аляксея, арганізацыя шмат робіць для жыцця беларусаў далёка ад дома:

– Мы спрычыніліся летам да арганізацыі тыдня беларускай культуры. У нас цудоўна прайшла Ноч расстралянай паэзіі. Мы таксама рэагуем на беларускі парадак дня, знешні, унутраны. Праводзім рознага кшталту акцыі, у тым ліку і з палітычным зместам, каб расказваць мясцоваму грамадству пра пытанні і праблемы Беларусі. Ёсць актывісты, каторыя шмат часу прысвячаюць дапамозе Украіне і ўкраінцам.

Таксама сябры арганізацыі як валанцёры арганізоўваюць і ствараюць зборы для беларусаў, што ваююць ва Украіне, дапамагаюць палітзняволеным, спрабуюць стварыць тут у Батумі беларускія школы і садкі ды робяць іншыя грамадскія справы, якія паляпшаюць жыццё беларусам у Грузіі.

Беларускае Радыё Рацыя