Андрэй Хадановіч: Людзі, якія пішуць у турме, часам, ўнутрана найбольш свабодная частка нашага грамадства
У межах „Дзён беларускай культуры” фонд „Беларусы ў Лодзі” правёў імпрэзу прысвечаную літаратуры беларускіх палітвязняў. Ад беларускага ПЭНу там быў паэт Андрэй Хадановіч, які распавёў у нашым эфіры пра беларускіх дзеячаў культуры ў зняволенні і чым ім дапамагае стварэнне там твораў.
– Для чалавека, які апынаецца ў зняволенні, літаратура ёсць сродкам камунікацыі са светам, сродкам застацца самім сабою, застацца ў свабодзе ў несвабодзе знешняй сітуацыі, і сродак тэрапіі. Калі ў нашым зняволеным грамадстве, на жаль, цень кратаў падае на ўсю Беларусь і ўсё грамадства і мы пачуваемся хто ў эміграцыі, хто ў падполлі, хто ва ўнутранай эміграцыі, але мы задыхаемся ў гэтай несвабодзе, часам людзі, якія пішуць у турме – унутрана найбольш свабодная частка нашага грамадства. Безумоўна нотай нашых размоваў была салідарнасць і глыбокая павага да людзей, якія ёсць камертонам чалавечнасці ў такой сітуацыі.
За краты можа трапіць прафесіянал у сваёй галіне мастацтва, літаратуры, і таму ён працягвае робіць там, як Алесь Бяляцкі ці Аляксандр Фядута, свае літаратуразнаўчыя роздумы і пошукі. А некаторых людзей можа быць мірны свет, цывільны не ставіў бы перад імі выклікі пісання, але апынуўшыся ў зняволенні, чалавек знаходзіць унутры сябе маральныя, філасофскія, часам рэлігійныя эстэтычныя глыбіні. Турма, відаць, тое месца, дзе абстрагуешся ад выпадковага, ад наноснага і гаворыш пра рэчы найважнейшыя і найбольш сутнасныя.
Цалкам размову з паэтам можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле: