Андрэй Мялешка: У Батумі нас каля 30 чалавек, журналістаў
Госць Рацыі – журналіст з Гародні, якому давялося з’ехаць з Беларусі, Андрэй Мялешка. Зараз ён жыве ў Грузіі, у Батумі. Пра гэта ды іншае з ім размаўляе наш карэспандэнт Міхал Андрасюк.

РР: Як ты апынуўся ў Грузіі і чаму так далёка?
Андрэй Мялешка: У жніўні 2021 года мяне вывозілі з Беларусі пасля таго, як мяне паклікалі ўсе „гэныя”.
РР: А што хаваецца за словам вывозілі?
Андрэй Мялешка: Гэта было такое: на панядзелак мяне паклікалі ў КДБ, Следчы камітэт, ГУБАЗіК, у падаткавую інспекцыю і ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Усе адразу мяне паклікалі ў панядзелак на 23 жніўня 2021 года. І, дзякуючы службе эвакуацыі кампаніі “Медыясол”, мяне вывезлі на тэрыторыю Грузіі, дзе я вось ужо два гады знаходжуся як журналіст.
РР: Два гады – гэта дастаткова, каб паназіраць за тым, як жывуць там нашыя суродзічы. У большасці гэта тыя, хто з’ехаў туды пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў.
Андрэй Мялешка: Адсоткаў 80, я б сказаў, людзей, якія там знаходзяцца, гэта тыя, якія прайшлі праз Акрэсціна і Валадарку, праз іншыя турмы. Зараз ёсць людзі, каторыя ўжо адседзелі два гады і паехалі ў Грузію на некаторы час, бо гэта краіна, дзе можна атрымаць гуманітарную візу вельмі хутка для таго, каб паехаць далей. Гэта такі зараз, можна сказаць, хаб, дзе людзі прыязджаюць на некаторы час, каб атрымаць візу і ехаць далей у Еўропу.
РР: А чым займаюцца беларусы ў Грузіі? Бо палітычная ці грамадская дзейнасць можа быць як дадатковы занятак, як хобі, як ідэя. Але ж трэба зарабляць.
Андрэй Мялешка: Так. Вельмі шмат айцішнікаў прыехала ў Грузію. Гэта людзі, якія працавалі ў розных айці-кампаніях у Менску, у Гародні, у Магілёве ці ў іншых гарадах. Іх нават большасць гэтых айцішнікаў, журналістаў невялікая колькасць людзей. Нас каля 30 чалавек, журналістаў, нават можна сказаць, што цэлая рэдакцыя ёсць ужо ў нас, у Батумі. І таму яны ўсе збіраюцца на медыя-хабе мясцовым, і там пішуць свае перадачы ці робяць нейкія рэчы на іншыя СМІ. Гэта, калі казаць пра журналістаў.
Калі казаць пра нейкую гаспадарчую дзейнасць, пра тое, што беларусы робяць – толькі ў Батумі адчынілася больш за 10 беларускіх кавярняў ці нават харчэўняў, рэстаранаў, якія называюцца, да прыкладу, „Грузія-Беларусь” ці „Блэк-кафэ”, ці „Грынджын” – гэта кавярня, у якой ужо нават сетка ёсць па Батумі, якую адчынілі беларусы.
РР: А беларуская кавярня адрозніваецца ад грузінскай?
Андрэй Мялешка: Гэта кавярня, дзе можна выпіць добрую каву, бо ў грузінаў кава, як тут кажуць, “кава па-варшаўску”, якая заліваецца кіпнем ці кава, якая гатуецца на пяску. А там ёсць розныя віды кавы: і капучына, і латэ і г.д. У Еўропе гэта звычайна, а ў нас, можна сказаць, незвычайна.
РР: Але беларусы прапануюць грузінам славутыя беларускія дранікі?
Андрэй Мялешка: Вось цікава пра дранікі. Пакуль што дранікі ёсць ва ўкраінскіх кавярнях, яны больш распаўсюджаныя. Пачаліся распаўсюджвацца пасля таго, як беларусы рабілі тыдзень беларускай кухні ў мінулым годзе на Дзень незалежнасці ў ліпені. Пасля гэтага ўкраінцы перанялі нашыя дранікі і пачалі гатаваць ва ўкраінскіх розных кавярнях. Адзінае месца з беларускіх кавярняў – гэта “Блэк-кафэ”, дзе можна пакаштаваць дранікі, а астатнія 5 ці 6 месцаў – ва ўкраінскіх кавярнях.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя