Андрэй Шарэнда: Заклікаю беларусаў да салідарнасці з Палінай



Стала дакладна вядома, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк на дадзены момант знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА №3. 7 жніўня ў СІЗА ўзялі перадачу для Паліны, і прабудзе яна там хіба 2 месяцы да суду, кажа яе муж Андрэй Шарэнда:

Калі нам сёння стала дакладна вядома, што Паліна там, то я хацеў бы заклікаць простых беларусаў да салідарнасці з Палінай. Бо як раз заўтра, 9 жніўня, спаўняецца тры гады з пачатку агульнабеларускай рэвалюцыі супраць рэжыму. І як раз салідарнасць адзін з важных аспектаў гэтай барацьбы, якая далей працягваецца. Таму я прашу ўсіх, асабліва тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, дасылаць Паліне паштоўкі і лісты.

Паводле Андрэя, улічваючы, што большасць лістоў не даходзіць, то можна таксама даслаць невялікія грашовыя пераводы ў 5-10 рублёў па пошце і ў электронным выглядзе, а таксама падтрымаць бандэролькамі. Гэта даходзіць заўсёды.

Адрас СІЗА №3: 246 003 г. Гомель, вул. Кніжная, 1 А, Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк.

Беларускае Радыё Рацыя