Анжаліка Борыс, верагодна, вызваленая з-пад хатняга арышту



Як даведаўся „Белсат”, кіраўніцу Саюзу палякаў разам з маці выклікалі ў Менск. Там Анжаліцы Борыс уручылі дакумент аб спыненні справы „ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства”. Таксама ёй паабяцалі вярнуць усе рэчы, вынятыя падчас следства.

„Улічваючы, што Анджэй Пачобут быў асуджаны на восем гадоў у той жа справе, гэта ставіць Саюз палякаў у Беларусі і яго эмігранцкіх актывістаў у цяжкае становішча і дазваляе разгуляць гэтую карту», – сказала дырэктарка тэлеканалу „Белсат” Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут былі затрыманыя ўвесну 2021 года. Анжаліку Борыс вызвалілі з-пад варты ў леташнім сакавіку. Супрацоўнікі спецслужбаў папросту адвезлі яе з Менску ў вёску Грабяні Гарадзенскай вобласці, дзе ёй загадалі заставацца пад неафіцыйным хатнім арыштам у доме ейнай маці.

Разам з Пачобутам і Борыс у сакавіку 2021 года былі арыштаваныя Ірына Бярнацкая і Марыя Цішкоўская з Саюзу палякаў, а таксама Ганна Панішава, актывістка польскай меншасці з Берасця.