Апеляцыя на прысуд па «справе Tut.by»

31 ліпеня Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць апеляцыю на прысуд па «справе Tut.by». Гэта вынікае з раскладу судовых пасяджэнняў. Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. У спісе абвінавачаных пяць чалавек: генеральны дырэктар «Тут.бай медыя» Людміла Чэкіна, галоўны рэдактар Марына Золатава, юрысконсульт Кацярына Ткачэнка, супрацоўніцы рэдакцыі Алена Талкачова і Вольга Лойка. Марына Золатава і Людміла Чэкіна — адзіныя фігуранты «справы Tut.by», якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Яны прызнаныя палітвязнямі. КДБ уключыў іх у спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Прысуд ім суд вынес 17 сакавіка гэтага года. Кожнай — 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Па стане на 20 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1479 чалавек, рэальная колькасць нашмат большая.
Беларускае Радыё Рацыя