Апублікаваны законапраект аб пазбаўленні грамадзянства



Апублікавалі законапраект, які дазваляе пазбаўляць беларускага грамадзянства. Згодна з праектам, пазбавіць грамадзянства змогуць любога беларуса, калі яго асудзілі па адным з 55 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Фота: dely.by

Законапраект распрацаваны ўрадам, ён ужо паступіў у Палату прадстаўнікоў і ўключаны ў парадак дня сесіі, што пачалася 20 верасня. Законапраектам таксама прадугледжана, што беларусы, якія атрымалі «грамадзянства замежнай дзяржавы або атрымалі дазвол на жыхарства або іншы дакумент замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі», на працягу трох месяцаў з дня атрымання такіх дакументаў «абавязаныя праінфармаваць аб гэтым органы ўнутраных спраў або органы дыпламатычнай службы».

Калі ў беларуса ёсць грамадзянства іншай дзяржавы, то яму могуць «абмежаваць правы і свабоды». Раней былі прынятыя папраўкі ў заканадаўства, якія дазваляюць судзіць беларусаў завочна. Варта адзначыць, што ў абноўленай Канстытуцыі 2022 года прапісана, што грамадзянін Беларусі не можа быць пазбаўлены грамадзянства.