Арганізацыю «Экадом» прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем



17 кастрычніка найстарэйшую экалагічную арганізацыю Беларусі „Экадом” уключылі ў спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў за нібыта «экстрэмісцкую дзейнасць”.

Сапраўдную прычыну пераследу арганізацыі агучыла мэнэджар арганізацыі „Экадом” Карына Салавей:

– Гэтае рашэнне сёння прымала КДБ, без суда. Падставы нідзе не публікуюцца. Але ў той жа час Беларусь 24 кастрычніка афіцыйна выходзіць з Орхаўскай канвенцыі, у якой удзельнічала з 1999 года. І, магчыма, такім чынам памсціць „Экадому”. Орхаўская канвенцыя – гэта канвенцыя пра доступ да інфармацыі, удзел грамадзян у працэсе прыняцця рашэнняў і доступ правасуддзя навакольнага асяроддзя. І 23 кастрычніка мінулага году 34 з 39 краінаў прызналі ліквідацыю „Экадому” фактам пераследу экалагічных недзяржаўных арганізацый. І з 1 лютага гэтага году абмежавалі Беларусь у правах і прывілеях.

„Экадом” быў заснаваны ў 1996 годзе і 26 гадоў актыўна працаваў для абароны правоў грамадзян на здаровае навакольнае асяроддзе. Арганізацыя дапамагала вырашаць экалагічныя праблемы і праводзіла антыядзерную кампанію. Зараз „Экадом” працягвае маніторынг Беларусі з тэрыторыі Літвы і збіраецца павяртацца пры першай мажлівасці.

Беларускае Радыё Рацыя