Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да вернікаў на свята Божага Нараджэння



Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да вернікаў з пастырскім словам на Божае Нараджэнне. У сваім звароце, у прыватнасці, ён сказаў:

Божае Нараджэнне — гэта асаблівае свята, бо нагадвае нам аб тым, што Бог ёсць з намі ва ўсіх жыццёвых абставінах, нават калі мы перажывем страх, самотнасць або смутак.

Таму мы не павінны губляць з поля зроку боскае святло, якое ажыўляе нашую надзею і нагадвае, што Бог таксама з’яўляецца як святло ў цемры і хоча ўвайсці ў нашыя справы і праблемы.

Ці мы ўсведамляем гэтую праўду ў штодзённым жыцці? Калі сутыкаемся з рознымі праблемамі, то да каго звяртаемся? Разлічваем толькі на свае сілы ці просім Божай дапамогі? Жывем згодна з Божай воляй ці сваёй?

Адказ на гэтыя і падобныя пытанні вельмі важны і заўсёды актуальны, асабліва ў наш час, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бог не існуе. Ідэалогія неабмежаванай псеўдасвабоды глыбока пранікла ў сучасны свет і стала новым крэда, новым вызнаннем веры.

Замест таго, каб верыць у Бога, чалавек верыць у самога сябе ў сваю ўсёдазволенасць. Лічыць сябе валадаром свету і жыве ідэяй антрапалагічнага нігілізму, паводле якога сам устанаўлівае нязгодныя з Божым законам маральныя нормы і вырашае, што ёсць дабро, а што — зло. Забываецца пра галоўны этычны прынцып усіх рэлігій: не рабі нікому таго, чаго не хочаш, каб іншыя табе рабілі.

Амаральныя паталогіі сучаснасці, такія як крызіс сям’і і Божага дару жыцця, ідэалогія секулярызму і маральнага рэлятывізму, самавольная змена маральных нормаў, давер ілюзорным абяцанням шчаслівага жыцця і гэтак далей паказваюць, што свет перажывае эпоху грахоўнай пандэміі.

Між тым нашае асабістае жыццё павінна мець этычнае вымярэнне, бо маральны заняпад паасобнага чалавека вядзе да агульнаграмадскага заняпаду.

Хто можа нас вылечыць ад гэтай хваробы? Хто дасць патрэбную вакцыну? Хто дапаможа? Адзіны лекар — гэта Езус Хрыстус, і адзіная вакцына — гэта Ягоная гаючая ласка. Да Яго мы павінны звяртацца, каб не заблукаць у амаральным змроку сучаснасці. Яго слова павінна быць светачам нашым нагам і святлом нашай дарогі (пар. Пс 119 (118), 105). Таму нашае хрысціянства не можа быць дыстыляваным і нейтральным, без солі зямлі і святла свету (пар. Мц 5, 13–14).

Нельга ісць на кампраміс з секулярным і грэшным светам. Мы павінны слухаць Бога, а не дагаджаць прамінальнаму свету.

Нашыя продкі ў часы ваяўнічага атэізму захавалі веру. А што з намі? У часы, калі мы маем значна больш магчымасцяў жыць верай, адмаўляемся ад яе. Наша місія не толькі жыць згодна з духам Евангелля, але таксама не дазволіць, каб ён выпарыўся з нашага жыцця, і наступіла эрозія веры.

Няшмат зменіцца пасля святаў Божага Нараджэння. Застануцца маральныя, грамадска-палітычныя, эканамічныя, ідэалагічныя, фінансавыя, сямейныя і іншыя праблемы. На жаль, невядома, калі пачне дзейнічаць Чырвоны касцёл у Менску, каб зноў стаць сучасным Бэтлеемам і месцам сустрэчы чалавека з Богам. Не завершыцца ў адзіны момант напружанасць у свеце, у тым ліку ваенныя дзеянні, якія руйнуюць не толькі гаспадарку і інфраструктуру, але таксама маральна і псіхалагічна нішчаць чалавека.

Аднак нягледзячы на ўсе паталогіі сучаснасці, мы павінны выйсці са свята Божага Нараджэння новымі, духоўна адроджанымі і ўмацаванымі праўдай Богаўцелаўлення, каб Божаю моцаю перамагаць зло і будаваць цывілізацыю жыцця, міру і любові.

Гэта магчыма толькі тады, калі дазволім Езусу сваёй любоў’ю і пакорай увайсці у рэчаіснасць нашага граху і зла.

Самай вялікай бядой чалавека з’яўляецца няздольнасць любіць. Той, хто любіць, можа выратаваць свет, прыкладам чаго з’яўляецца народжаны ў Бэтлееме Хрыстус.

Дарагія браты сёстры! Віншую вас з радасным і збаўчым святам Божага Нараджэння. Хрыстус нарадзіўся — Бог аб’явіўся!

Святочныя пажаданні скіроўваю іншым хрысціянам, якія разам з намі адзначаюць свята Нараджэння Хрыстова. Праваслаўным вернікам, якія перажываюць Піліпаўскі пост, жадаю выкарыстаць гэты час так, каб духоўна падрыхтавацца да свята Нараджэння Хрыстова. Віншую ўсіх людзей добрай волі.

Няхай Езус сваёй ласкай нараджаецца ў нашых сэрцах і праз нас у нашай Айчыне. Няхай прывядзе да справядлівага вырашэння ўсіх праблем і крызісаў у нашым асабістым жыцці і грамадстве. Няхай прынясе мір братняй Украіне і ўсяму свету”.

catholic.by