Аўтару “У кіпцюрах ГПУ” – 140
9 сакавіка спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння беларускага празаіка, драматурга, публіцыста і тэатральнага дзеяча Францішка Аляхновіча (1883-1944).

З дзяцінства Францішак выхоўваўся ў артыстычным асяроддзі: бацька працаваў скрыпачом у тэатры. Сістэматычнай агульнай адукацыі не атрымаў, хоць і рабіў некалькі спроб вучыцца ў Віленскай гімназіі, Віленскай хімічна-тэхнічнай школе і ў Кракаўскім універсітэце.
У 1904 годзе Францішак Аляхновіч паступіў у Варшаўскую драматычную школу, пасля заканчэння якой у 1907 годзе вандраваў з трупай акцёраў. Потым вярнуўся ў Вільню, дзе ўладкаваўся рэпарцёрам, пачаў выдаваць на польскай мове гумарыстычны часопіс “Perkunas”. Тады ж Францішак Аляхновіч і далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. За публікацыю антыцарскага артыкула часопіс “Perkunas” быў закрыты, а рэдактар трапіў пад следства. Але хутка ўдалося ўцячы ў Аўстра-Венгерскую імперыю, дзе працаваў акцёрам у Кракаве і ў польскіх тэатрах Галіччыны. У 1913 годзе ў Расейскай імперыі была аб’яўлена амністыя. Зноў вярнуўся ў Вільню, дзе яго асудзілі на год астрога. Менавіта ў Лукішскай турме Вільні Францішак Аляхновіч пачаў пісаць п’есы. У чэрвені 1918 года ён перабраўся ў Менск, а потым зноў у Вільню. Там выдаваў часопіс “Беларускае жыццё”, спрабаваў арганізаваць тэатр. Восенню 1919 года зноў пераехаў у Менск, дзе быў дырэктарам і рэжысёрам Беларускага тэатра, які субсідзіраваўся польскімі ўладамі.
У 1921-1923 гадах у Вільні рэдагаваў газету “Беларускі звон”, выдаў кніжку “Беларускі тэатр” (1924), якая засведчыла Аляхновіча, як першага беларускага тэатразнаўца.
У лістападзе 1926 года тэатравед прыехаў у Менск на Акадэмічную канферэнцыю і застаўся ў савецкай Беларусі. Працаваў літаратурным кіраўніком у адкрытым БДТ-2 у Віцебску. Там Францішка Аляхновіча і арыштавалі ў студзені 1927 года. Ён атрымаў 10 гадоў зняволення на Салаўках. У верасні 1933 года пісьменнік быў абменены ўладамі на вязня польскай турмы Браніслава Тарашкевіча. Пасля вяртання ў Вільню напісаў свой самы вядомы твор — успаміны пра знаходжанне ў савецкіх лагерах “У капцюрох ГПУ”. Твор упершыню быў надрукаваны ў польскай віленскай газеце “Slowo”. Рускі пераклад успамінаў апублікавала таксама парыжская газета “Возрождение”.

У 1935 годзе ў Вільні ўспаміны выйшлі асобнай кнігай на польскай мове пад назвай “Siedem lat w szponach G.P.U.” У 1937 годзе ў Варшаве выдадзены яшчэ адзін польскі варыянт кнігі пад назвай “Prawda o Sowietach”. Твор перакладаўся на італьянскую мову (“La verita sulla Russia Bolscevica”), на партугальскую ў Бразіліі (“Sete annos nas garras sovieticas”) і на іншыя мовы свету. Украінскі пераклад друкавала газета “Діло”, рэдакцыя якой затым выпусціла ўспаміны асобнай кнігай “7 літ на Соловках”. Толькі ў канцы 1937 аўтар здолеў выдаць кнігу на беларускай мове.
Вядома ж, такая актыўнасць Францішка Аляхновіча не магла застацца незаўважанай НКВД. Калі ў 1940 годзе ў Вільню ўвайшлі савецкія войскі, то Аляхновіч апынуўся на нелегальным становішчы. А падчас нямецкай акупацыі драматург рэдагаваў газету “Bielaruski holas”. У сакавіку 1944 годда ён быў застрэлены на сваёй кватэры савецкімі дыверсантамі, засланымі з-за лініі фронту.
Францішак Аляхновіч напісаў яшчэ 20 п’ес. Творы яго з 1990-х гадоў друкаваліся ў беларускім друку, а п’есы ставяцца ў тэатрах Беларусі.



Беларускае Радыё Рацыя