Барыс Гарэцкі: Анджэй – крэмень
Госць Рацыі – намеснік кіраўніка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыс Гарэцкі каментуе прысуд сябру БАЖ Анджэю Пачобуту, які агучылі сёння, 8 лютага. Журналісту прысудзілі 8 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. З ім размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Барыс, першыя рэакцыі ёсць менавіта на прысуд вядомаму і аўтарытэтнаму журналісту з Гародні Анджэю Пачобуту?
Барыс Гарэцкі: Відавочна, што ніхто не чакаў нейкага лёгкага прысуду Анджэю, таму што гэтая справа ад пачатку была максімальна палітычнай і максімальна заказной і максімальна такой паказальнай.
Затрыманне Анджэя і іншых прадстаўнікоў Саюза палякаў у сакавіку 2021 года на Дзень Волі, калі па Гарадзенскай вобласці пракаціліся ператрусы, а потым затрыманых прывезлі ў Менск і ўжо тут, у Менску, расследавалі гэтую справу. Сам характар гэтай справы – гэта такі штуршок уладаў Беларусі ў бок Польшчы на пачатку 2021 года, развязаць вось такую напружанасць. Яшчэ тады не было мігранцкага крызісу, калі ўлады Беларусі падвозілі на мяжу з Польшчай мігрантаў, але ўжо тады была задуманая вось гэтая крымінальная справа.
Відавочна, што ўсе разумелі, што Анджэя паказальна пакараюць, дадуць вялікі тэрмін. Гэта і адбылося. У гэтым прысудзе ў сённяшнім дні мне вельмі імпануе міжнародная рэакцыя, асабліва ў Польшчы. Гэтая краіна на нацыянальным узроўні сочыць за гэтым працэсам, праводзіць акцыі пратэсту, акцыі падтрымкі Анджэя. І я часта бываю ў розных польскіх гарадах, гэта надзвычай прыемна, калі ты прыязджаеш у Варшаву ці яшчэ кудысьці і на нейкай галоўнай вуліцы ці плошчы ты бачыш выяву свайго калегі, свайго сябры, не таму, што яго павінен ведаць увесь свет, але вось польскае грамадства не забываецца на яго, не спыняе сваю памяць, не спыняе нагадваць сабе і ўладам Беларусі, што вось гэты чалавек мусіць быць вызвалены. Ну вось такая першая рэакцыя на гэты прысуд.
Накіраваць, канешне, Анджэя ў калонію, і яму вынеслі адразу ўзмоцнены рэжым… Для тых, хто не ў курсе, гэта не асобная нейкая калонія, а сэнс у тым, што ўзмоцнены, ёсць яшчэ пасля гэтага і жорсткі рэжым. Гэта абмежаваная колькасць перадач, сустрэчаў з роднымі. А калі ты палітвзень, то фактычна ўсе гэтыя перадачы і сустрэчы з роднымі – ёсць верагоднасць, што цябе ўвогуле гэтага пазбавяць. І ты будзеш сядзець у калоніі, як і шматлікія іншыя палітвязні, і практычна сам-насам знаходзіцца з адміністрацыяй калоніі.
Вось такія ўмовы цяпер ствараюць палітвязням у калоніях, калі адміністрацыя проста здзекуецца над вязнямі. Верагодна, што ў такія жорсткія ўмовы трапіць і Анджэй, калі ад пачатку заяўлена, што ў яго будзе ўзмоцнены рэжым.
РР: Ад самага пачатку справа супраць Анджэя Пачобута выглядала, як расправа за іншадумства і шматгадовую цвёрдую пазіцыю журналіста. Гэта я чытаю заяву Га “БАЖ”, цытата з вашай заявы. І тут варта яшчэ прагадаць, што былі затрыманыя некалькі прадстаўнікоў Саюза палякаў у Беларусі. Была інфармацыя, што і Анджэю Пачобуту прапанавалі напісаць так званы пакаяльны ліст з просьбай аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён гэтага не зрабіў.
Барыс Гарэцкі: Зараз складана сказаць, як непасрэдна разгортваліся падзеі, безумоўна, гэта ўсё адбывалася на фоне вялікіх дыпламатычных намаганняў з боку Польшчы – вызваліць людзей, пасаджаных за сваю польскасць. Можа быць да Анджэя гэта не ў стоадсоткавай прапорцыі прымяніма, таму што супраць Анджэя грала тое, што ён яшчэ і незалежны журналіст. Але я ведаю, што польскія ўлады вельмі намагаліся па дыпламатычных каналак дамовіцца пра вызваленне гэтых людзей.
І тады, гэта ўсё вядома з інтэрв’ю Агнешкі Рымашэўскай, кіраўніцы тэлеканала “Белсат”, якая казала, што ў яе ёсць інфармацыя пра тое, што Анджэю прапаноўвалі прызнаць сваю віну і выйсці са следчага ізалятара на абмен выезду з Беларусі. Такая ўмова ставілася. І іншыя фігуранты справы скарысталіся гэтай магчымасцю. Яны публічна нічога не казалі, я так разумею, што там былі запалоханыя родныя. Вельмі часта цяпер улады Беларусі палохаюць людзей, нават каторыя з’ехалі з Беларусі, расправамі над роднымі. Але інфармацыя гэтая трапіла.
Анджэй гэта рабіць адмовіўся, тады гэта гучала так: я на сваёй зямлі, я нічога не парушаў, нічога не рабіў супрацьзаконнага, таму я не буду пісаць ніякіх прашэнняў і не буду прызнаваць віну. То-бок ён застаўся на сваёй пазіцыі. Трэба сказаць, што Анджэй – крэмень у гэтым плане, гэта ж не першая крымінальная справа супраць Пачобута і не першае яго зняволенне ў Следчым ізалятары.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя